Апошнімі днямі ў Сеціве ідзе дыскусія адносна заклікаў некаторых палітыкаў рыхтавацца да вайсковай агрэсіі (вядома зь якога боку), да ўзброенага супраціву і нават — назапашваць зброю. Ацэнкі, як і заўсёды ў такіх выпадках, гучаць розныя.
Падаецца, да такіх словаў можна ставіцца роўна гэтак жа, як да заклікаў Кастуся Каліноўскага да паўстаньня ці (у больш мяккай, паэтычнай форме) коласаўскіх словаў «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!». Адны іх успрымалі як пасягальніцтва на дзяржаўны лад (і, між іншым, на спакой паспалітага люду), іншыя — як выяўленьне законнага права народу на ўласную абарону.
З часоў Вялікай францускай рэвалюцыі права народу на паўстаньне, на ўзброены супраціў — пастулят. У нашым выпадку гаворка пра тое, што было бясспрэчным ужо тады, калі пачалі ўтварацца дзяржавы: права на супраціў зьнешняй агрэсіі. Якая, заўважым, у вайсковых дзеяньнях супраць Беларусі ня выявілася. Але гэта не азначае, што такіх дзеяньняў ня здарыцца.
Уласна, на выпадак гэтага «здарыцца» і існуе ў дзяржавах войска.
Што для мяне абсалютна зразумела — так званае «беларускае войска» ў выпадку агрэсіі з Усходу ня зробіць у бок агрэсара ніводнага стрэлу. Не для гэтага Менск уцягнулі ў Дамову аб калектыўнай бясьпецы, якая кантралюецца расейскім Генштабам, не для гэтага вышэйшы склад ваеннага ведамства сканчаў расейскія акадэміі, не для гэтага будучых афіцэраў у мясцовых навучальных установах выхоўваюць не на прыкладзе Астроскага, а на прыкладзе Суворава. Не для гэтага Беларусь фактычна пазбавілі самастойнасьці ў выпрацоўцы вайсковай дактрыны, пераключылі на Маскву кіраваньне сыстэмай супрацьпаветранай абароны, стварылі расейскія вайсковыя базы, даслалі расейскія самалёты, адсеклі войска ад сучасных заходніх тэхнічных распрацовак і паставілі ў поўную залежнасьць ад расейскага ВПК. Ніхто зь людзей, хоць крыху знаёмых з настроямі у вышэйшым афіцэрстве і генэралітэце, не аспрэчвае, што настроі гэтыя — ня проста прарасейскія (такімі яны былі заўсёды), а — прапуцінскія. І выконваць — я перакананы — яны будуць каманды Масквы.
І што тады? Цяпер некаторыя прапануюць «пашыраць кола суайчыньнікаў, якія дома гавораць на роднай мове, гадуюць дзяцей па-беларуску, удзельнічаюць у культурным і асьветніцкім працэсе, падтрымліваюць нацыянальную адукацыю» — і слушна прапануюць, але ж гэта робіць, і даўно, нацыянальна арыентаванае кола грамадзтва. Так, трэба рабіць гэта больш актыўна і больш шырока. Але вось калі агрэсія — пытаюся: што тады? Карагоды вадзіць і песьні сьпяваць?
Увогуле, бываюць сытуацыі, пры якіх менавіта фізычнае, «прамое» дзеяньне зусім невялікай групы людзей мяняе калі не хаду гісторыі, дык лёс нацыі дакладна. На нашым вяку давялося бачыць мінімум два такіх выпадкі. Першы — калі 25 жніўня 1991 году ў Авальнай залі дэпутаты БНФ сагналі з трыбуны першага сакратара ЦК КПБ, гэта псыхалягічна зламала камуністаў, і сэсія пайшла зусім па іншым сцэнары і скончылася абвяшчэньнем Незалежнасьці. Другі — нядаўні кіеўскі «Майдан», калі ў пэўны момант супраціў спэцназу сотні-дзьвюх людзей прывёў да перамогі. У абодвух выпадках «дзяржаўныя структуры» адступілі перад сілавымі ініцыятывамі прадстаўнікоў грамадзтва (у Беларусі, на шчасьце, абышлося без крыві). І гэтыя ініцыятывы толькі на першы погляд могуць падацца спантаннымі.
І права палітыкаў (і абавязак іх) разглядаць усе варыянты, а Гісторыя ўжо дасьць ацэнку і дзеяньням іх, і словам.
Самае папулярнае
1