У Маскоўскім судзе Менску 20 ліпеня судзяць патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Юрыя Шульгана ды кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы Паўла Канавальчыка. Справу разглядае судзьдзя Тацяна Матыль.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», абвінавачваюць іх па адміністрацыйных артыкулах 17.1 «Дробнае хуліганства» і 17.3 «Расьпіцьцё алькагольных, слабаалькагольных напояў ці піва ў грамадзкім месцы або зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў стане ап’яненьня» КаАП.
Юры Шульган разам з кіраўніком свайго выбарчага штабу Паўлам Канавальчыкам прынесьлі 17 ліпеня ў Цэнтравыбаркам сьпіс ініцыятыўнай групы на рэгістрацыю. Але іх не прапусьцілі на тэрыторыю Дома ўраду — супрацоўнік аховы заявіў, што яны знаходзяцца ў стане алькагольнага ап’яненьня. Міліцыянт выклікаў начальніка службы аховы, які пасьля перамоваў з Шульганом і Канавальчыкам выклікаў нарад міліцыі з пастарунку.
Міліцыянты сказалі, што адвядуць прэтэндэнта ў прэзыдэнты ў пастарунак для тэсту на алькаголь. Але потым Шульгана і Канавальчыка з дапамогай трох АМАПаўцаў пасадзілі ў міліцэйскую машыну і завезьлі ў Маскоўскі РУУС.
Перад пачаткам суду журналістам дазволілі пагутарыць з Шульганом. Ён сказаў, што яго выбарчая кампанія на гэтым не заканчваецца. Ён шкадуе, што яго гвалтам зьнялі з выбараў. Але як незалежны прэтэндэнт ён будзе выступаць супраць указу пра «дармаедаў». Шульган разьлічваў, што гэтая тэма будзе ў цэнтры ягонай выбарчай кампаніі. У ягонай ініцыятыўнай групе было 127 чалавек, яны зьбіраліся на ахвяраваньні езьдзіць па рэгіёнах, сустракацца зь людзьмі і ўздымаць праблему беспрацоўных і «дармаедаў».
Шульган таксама распавёў, што напярэдадні падачы дакумэнтаў у ЦВК яны зьбіраліся са штабам і выпівалі. Але ў гэты дзень ён быў цьвярозы. На падыходзе да ЦВК да яго падышоў чалавек у цывільным і адвёў на вуліцу Берсана, дзе яго ўжо чакала міліцыя. Шульган лічыць, што гэта была наўмысная акцыя, каб яго ізаляваць і зьняць з выбарчай кампаніі. Ён вельмі шкадуе, што гэта адбылося, але мае намер працягваць сваё змаганьне.
У турме на вуліцы Акрэсьціна Шульган быў прыкладна год таму, і ўмовы там палепшыліся. Супрацоўнікі міліцыі і тыя, хто зь ім быў у камэры, да яго ставіліся паважліва. Некаторыя ведалі, што ёсьць такі Шульган, які зьбіраецца стаць канкурэнтам Лукашэнкі.
Шульган кажа, што ўлады спужаліся, што ён можа стаць рэальным канкурэнтам Лукашэнкі.
Паводле вынікаў экспэртызы, у Канавальчыка было 1,8 праміле алькаголю ў крыві, а ў Шульгана — 0,8 праміле.
Працэс над Шульганом
Суд над Юрыем Шульганом разглядаў абвінавачваньне ў хуліганстве — нібыта нецэнзурнай лаянцы.
Цікава, што сьведка, міліцыянт Юры Стукалаў, сам ня чуў лаянкі ад Шульгана, а спасылаўся на іншага міліцыянта — Казюку, а той у судзе ня выступіў. Сьведка распавядаў пра падзеі, якія Шульган не пацьвердзіў.
Суд дапытаў сьведку Паўла Канавальчыка. Той казаў, што яны былі ўвесь час разам, і Шульган быў цьвярозы.
Сьведка падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Казюка сказаў, што Юры Шульган нібыта нецэнзурна лаяўся ў фае ЦВК. Шульган папрасіў суд, каб было прагледжанае відэа з гэтага фае, бо ён адмаўляе, што лаяўся. Аляксандар Казюка на гэта патлумачыў суду, што нібыта камэры, якія ўсталяваныя ў фае, не ахопліваюць той участак, дзе знаходзіўся Юры Шульган у момант правапарушэньня.
У выніку судзьдзя пакарала Юрыя Шульгана штрафам у 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў за нецэнзурную лаянку.
Па дргуім артыкуле — «знаходжаньне ў п’яным выглядзе ў грамадзкім месцы» рашэньне будзе выносіць начальнік Маскоўскага РУУС.
Юры Шульган сказаў, што будзе абскарджваць прысуд.
Паўла Канавальчыка таксама аштрафавалі на 5,4 мільёна
Паўла Канавальчыка, які зьбіраўся ўзначаліць ініцыятыўную групу па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Юрыя Шульгана аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (5 мільёнаў 400 тысяч рублёў).
Яго зьвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.
Справа разглядалася ў судзе Маскоўскага раёна Менска 20 ліпеня.
Такім жа штрафам суд пакараў і самога Юрыя Шульгана.
Па другім пратаколе, складзеным па адміністрацыйным артыкуле за зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў стане ап’яненьня, рашэньне будзе выносіць начальнік Маскоўскага РУУС. Па ім максымальнае пакараньне — штраф.
Канавальчык, таксама як і Шульган, ня згодны з рашэньнем суду.