У Горадні сабраліся родныя маладых людзей, якія трапілі ў зьняволеньне за наркотыкі і спайс паводле артыкула 328. Яны вырашылі стварыць аргкамітэт, каб змагацца за паляпшэньне ўмоваў утрыманьня і скарачэньне неапраўдана жорсткіх, на іхні погляд, тэрмінаў зьняволеньня сваіх родных. Яны плянуюць накіраваць зварот да прэзыдэнта і генэральнага пракурора.
На сходзе было дзесяць чалавек, пераважна жанчыны, маці зьняволеных з Горадні, Ліды і Ваўкавыску. Яшчэ з двух гарадоў не пасьпелі прыехаць, але згоду ўдзельнічаць у новай грамадзкай арганізацыі далі.
Маці зьняволеных не адмаўляюць: сыны вінаватыя, што ўжывалі наркотыкі. Але сьледзтва, лічаць яны, павінна ўлічваць ступень цяжкасьці ўчынку, за які іх арыштавалі, яго грамадзкую небясьпеку. Хочаце пакараць? Дайце два-тры гады. Чаму восем, дзесяць, адзінаццаць?
Сьледзтва, на іхнюю думку, імкнулася знайсьці абцяжарваючыя абставіны, каб узмацніць віну. Напрыклад, прыяцелі ў інтэрнэце дамаўляюцца купіць нейкае наркатычнае рэчыва, адзін купляе на ўсіх, і потым яго абвяшчаюць «наркабаронам». Хоць ён ня быў распаўсюднікам у прамым значэньні гэтага слова, мяркуюць жанчыны.
Бацькі перакананыя: калі выяўляюцца новыя акалічнасьці справы, калі ў калёніі сын паводзіць сябе станоўча — то прысуды неабходна пераглядаць. Але гэтага ня робіцца.
Другое: адносна такіх асуджаных трэба ўжываць амністыю, умоўна-датэрміновае вызваленьне. Аднак амністыя, якая чакалася з нагоды 70-годзьдзя Перамогі, не закранула іхніх сыноў. Хоць спадзяваньні на гэта былі.
Вызваліць у Беларусі паабяцалі 8 з паловай тысяч чалавек. Тым часам як у суседняй Расеі пад гэтую «сьвяточную» амністыю падпалі амаль 156 тысяч. У Расеі яна распаўсюджваецца і на тых, хто быў асуджаны ўпершыню «за наўмысныя злачынствы невялікай і сярэдняй цяжкасьці». У Беларусі ж улады адразу папярэджвалі: хто вырабляў або распаўсюджваў наркотыкі, пад амністыю не падпадуць.
На сходзе ў Горадні кожная маці расказала судовую гісторыю свайго сына. Тацяна Ўладзіміраўна з Ваўкавыску не магла гаварыць спакойна, ёй давалі таблеткі. Яе сына Паўла судзілі ў жніўні 2014 году. Калі яго затрымалі, ён быў яшчэ непаўналетні. Яго абвінавацілі спачатку адразу па трох частках (першай, другой і трэцяй) артыкула 328 Крымінальнага кодэксу. Сказалі, што ён прадаў аднаму хлопцу 0,0381 грама наркатычнага рэчыва. За 20 тысяч рублёў (у 2014 годзе — каля 2 даляраў ЗША).
Затрымалі яго ў наркатычным ап’яненьні, расказвае Тацяна Ўладзіміраўна. Патэлефанаваць маці, якая была на працы, не дазволілі, сказаўшы: тваю маці завезьлі з эпілепсіяй у бальніцу. Ён ня ведаў, што рабіць. Яму зрабілі тады аналізы і адпусьцілі, расказвае маці. Праз тыдзень яго выклікалі ў міліцыю. Сын сказаў: прыйду з мамай, яму сказалі — безь яе. Хоць міліцыянтам было вядома, што ён непаўналетні. Яму сказалі (па словах сына): калі ты не прызнаесься, дзе «гэта» ўзяў, «то я табе даю слова афіцэра, што я цябе пасаджу», — расказвае Тацяна Ўладзіміраўна.
Потым сыну зрабілі вочную стаўку са знаёмым, які сказаў, што быццам сын яму за 20 тысяч прадаў тую порцыю. Ніякіх іншых доказаў не было, кажа маці.
У выніку сыну далі 8 з паловай гадоў па першай частцы артыкула. Абвінавачаньне па другой суд зьняў, бо падсудны сказаў, дзе сам браў наркотык.
На спатканьні ў калёніі сын сказаў: «Раней я амаль нічога ня ведаў пра наркотыкі, цяпер я ведаю ўсё, як мак варыць і астатняе. Я тут, апроч як пра наркотыкі, больш нічога ня чую».
«Проста дах зрывае... Кім ён выйдзе, што зь ім будзе?» — ня можа стрымаць сьлёз маці.
Каму і навошта трэба было ламаць такія лёсы? Чаму сыстэма правасудзьдзя ў Беларусі такая негуманная? — задаюцца пытаньнямі ўдзельніцы сходу ў Горадні. Ім ня хочацца траціць апошняй надзеі. Са сваёй бядой яны будуць зьвяртацца да самага высокага начальства.