Уладзімір Сьцяпан (Сьцепаненка Уладзімір) нарадзіўся 22 студзеня 1958 у гарадзкім пасёлку Касьцюкоўка, на Гомельшчыне. Скончыў мастацкае вучылішча і тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў мастаком, рэдактарам на тэлебачаньні, займаўся кніжнай графікай. Піша прозу, вершы, п’есы, кінасцэнарыі, займаецца журналістыкай. Аўтар кніжак прозы «Вежа», «Сам-насам», «Адна капейка», «Настаўнік. Сяргей Пятровіч Каткоў».
1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Для таго, хто чытае. Спадзяюся, што ўсё напісанае ўважліва прачытае дачка. Ідэальны чытач маіх тэкстаў, на жаль, пакуль я сам, але найбольш водгукаў і лістоў атрымліваю ад жанчын.
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
Найлепшы час для пісаньня — раньне, калі ўсе сьпяць, нават котка, і позна, калі ўсе сьпяць.
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
Можа толькі «Дублінцаў» Джойса (але гэта сёньняшняе жаданьне, зьвязанае з тым, над чым працую).
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Героі ўласных тэкстаў, з чужымі пэрсанажамі цяжка атаясамліваюся.
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
У розны час розныя аўтары, але ёсьць тыя, да творчасьці якіх вяртаюся. Сьпіс будзе доўгі. Паэзію перачытваю часьцей: Купала, Колас, Стральцоў, Хімэнас, Басё, Одэн, Хармс, Забалоцкі, Кітс... З празаікаў: Гэмінгуэй, Набокаў, Сэлінджэр, Букоўскі, Чэхаў, Бунін, Хармс, Талстой, Чорны, Стральцоў.
6. Што вы цяпер чытаеце?
Рамон Гомес де ла Сэрна, Купала, Лао-цзы, Мацуа Басё...
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
Па-украінску, крыху горш па-польску.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
«Адна капейка».
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
Кнігу пра горад Менск і розныя месцы ў ім, якія люблю і ненавіджу. Кнігу пра сваё дзяцінства ў гэ пэ Касьцюкоўка і гурток выяўленчага мастацтва.
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?
На беразе ракі, калі побач няма людзей, ці на возеры ў чаўне, калі рыба ня ловіцца і можна паціху плыць куды заўгодна.
Самае папулярнае
1