Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрт Макса Каржа ў Крыме можа абярнуцца забаронай на ўезд ва Украіну


Belsat.eu разьбіраецца, якімі наступствамі для беларуса можа скончыцца паездка ў анэксаваны Крым.

На афіцыйным сайце Макса Каржа ёсьць інфармацыя пра тры канцэрты ва Ўкраіне напрыканцы месяца. 25 ліпеня беларус будзе ў Адэсе, 31 ліпеня — у Сымфэропалі, 1 жніўня — у Севастопалі. Але выступы на тэрыторыі Крыму могуць абярнуцца для музыкі забаронай на ўезд ва Ўкраіну на бліжэйшыя некалькі год.

Афіцыйны Кіеў лічыць Крым часова акупаванай тэрыторыяй, якая не кантралюецца ўкраінскімі ўладамі. У чэрвені Кабінэт міністраў зацьвердзіў асаблівы парадак уезду на паўвыспу. Замежнікі, а значыць і Макс Корж, патрапіць туды могуць толькі маючы абгрунтаваныя прычыны, сярод якіх «наяўнасьць сваякоў на тэрыторыі паўвострава альбо права ўласнасьці, сьмерць сваякоў, выкананьне дыпляматычных функцый ці абарона нацыянальных інтарэсаў Украіны».

Турызм ці канцэртная дзейнасьць у сьпісе дазволеных прычын уезду не значацца. Сам дазвол трэба атрымоўваць у Кіеве.

Для замежнікаў застаецца варыянт ехаць ці ляцець з Расеі. Толькі гэта зьяўляецца парушэньнем дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, і за такое перасячэньне мяжы можна нават трапіць пад крымінальны артыкул — калі яно зьдзяйсьняецца некалькі разоў. Агулам, уезд з тэрыторыі РФ пагражае штрафам ці арыштам на 15 суткаў (артыкул 204.1 Кодэксу Украіны аб адміністрацыйных правапарушэньнях).

Макс Корж і яго гурт зьбіраюцца скарыстацца менавіта такім шляхам. Канцэртны дырэктар Руслан Манібаеў зазначае, што неаднаразова езьдзіў у Крым з тэрыторыі Расеі і праблемаў ня меў. На заўвагі пра тое, што ў выпадку публічнага выступу артыста, пракуратура Ўкраіны можа завесьці нават крымінальную справу, Манібаеў адказвае: «Праверым асабіста».

Асабіста правяраў дзеяньне ўкраінскіх законаў серб Горан Брэгавіч. У красавіку ўкраінскі МЗС абяцаў забараніць яму ўезд на тэрыторыю краіны. Сербскі музыка выступіў у Крыме і падтрымаў кіраўніцтва Расеі. Невядома, ці сапраўды ён пасьля быў абвешчаны пэрсонай нон-грата, але яго наступныя канцэрты ва Ўкраіне былі адмененыя.

«Горан Брэгавіч патрапіў на тэрыторыю Крыму не з украінскага пункту ўезду-выезду. Тым самым ён зьдзейсьніў правапарушэньне. І мы будзем ініцыяваць, каб МУС дало правамернае ацэнку яго дзеяньняў », — сказаў тады прэс-сакратар МЗС Украіны Яўген Перабійніс.

Паводле яго словаў, музыку пагражаў штраф, адміністрацыйны арышт або забарона на ўезд ва Украіну.

Варта разумець, што ў выпадку звычайнага грамадзяніна Беларусі, паездка ў Крым праз Керчанскую пераправу ці самалётам з Масквы нічым не абернецца. Правахоўныя органы Украіны проста не атрымаюць адпаведнай інфармацыі, а паколькі штампы ў пашпарт расейскія памежнікі наведнікам Крыму ня ставяць, то пераймацца няма чаго. Пасьля можна ехаць ва Ўкраіну, нічым не рызыкуючы. Толькі ехаць прыйдзецца не з тэрыторыі паўвыспы, а спачатку давядзецца выехаць з Крыму праз Расею.

Іван Шыла, belsat.eu

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG