Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы дарагі канцэрт «Славянскага базару» — з удзелам Лукашэнкі


Увечары 9-га ліпеня адбудзецца афіцыйнае адкрыцьцё XXIV Міжнароднага фэстывалю мастацтваў «Славянский базар в Витебске».

Уласна канцэртная праграма ў Летнім амфітэатры ўжо распачалася: яшчэ 7 ліпеня з поўным аншлягам прайшоў канцэрт расейскага сьпевака Грыгорыя Лепса — эстраднай «зоркі» першай велічыні, калі меркаваць па коштах на квіткі. Самыя дарагія каштавалі па 850 тысяч рублёў, і гэта найвышэйшы кошт за сольныя канцэрты эстрадных выканаўцаў.

Аднак, амаль удвая даражэйшыя квіткі на адкрыцьцё фэстывалю, якое звычайна праходзіць з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, а ў апошнія гады — зь нязьменнай прысутнасьцю ягонага малодшага сына Мікалая. 1 мільён 650 тысяч рублёў каштуюць квіткі ў асобныя сэктары глядзельнай залі для ахвотных трапіць на цырымонію адкрыцьця.

Але ні для каго ў Віцебску не сакрэт, што на такія імпрэзы квіткі мала хто купляе: аматары, безумоўна, ёсьць, аднак у асноўным усе месцы выкупляюцца прадпрыемствамі і арганізацыямі па безнаяўным разьліку. Тое самае і з канцэртамі, таму каля касаў няма вялікіх чэргаў, хоць на некаторыя выступы квіткоў у продажы няма даўно...

У дзень адкрыцьця фэстывалю ў Віцебску як ніколі шмат міліцыянтаў. Увогуле ж у фэстывальныя дні міліцыя пераходзіць на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы, і да віцебскіх супрацоўнікаў далучаюцца калегі з усёй вобласьці. Каля галоўных канцэртных пляцовак міліцыянты праводзяць асабовы дагляд гледачоў і мінакоў.

Толькі шмат для каго і канцэрты, і конкурс маладых выканаўцаў, зь якога калісьці пачынаўся фэстываль, сталі далёка не галоўнай мэтай наведаньня. Найбольшая колькасьць народу імкнецца нешта набыць, бо ў гэтыя дні гандаль таварамі айчыннай вытворчасьці разгортваецца проста на вуліцы, і прадаюць тавары без гандлёвых «накрутак». Спаміж адзеньня і абутку ў продажы заўважна шмат сымболікі — і дзяржаўнай атрыбутыкі, і сымболікі «Славянскага базару».

У Віцебску разгорнутыя ня толькі гандлёвыя шэрагі. Райспажыўсаюзы ўсіх раёнаў Віцебшчыны рыхтуюць свае «падворкі» — спрабуюць завабіць пакупнікоў таварамі і прадуктамі мясцовай вытворчасьці. Аздабленьне падворкаў — самае разнастайнае: тут і самаробныя лялькі, і пераапранутыя крамныя манэкены, і ўласныя канцэртныя міні-праграмы.

На «Полацкім падворку»
На «Полацкім падворку»

«Дубровенскі падворак»
«Дубровенскі падворак»

«Райспажыўсаюз» разьмесьціць у Віцебску 150 павільёнаў, больш як тры з паловай тысячы месцаў у «харчовых кропках».

Яшчэ толькі разгортваюцца шэрагі кірмашу народных майстроў і мастакоў — яны займаюць пляцоўку каля помніка Пушкіну і частку вуліцы Суворава і прылеглыя вуліцы. Тут жа прадаюцца сувэніры — магніты на лядоўні, цацкі, упрыгожаньні. Летась вялікім попытам карысталіся ўкраінскія вышыванкі, і сёлета зноў зьявіліся гандлёвыя павільёны, дзе можна набыць і трыдыцыйны вянок са стужкамі, і вышываную кашулю, і стылізаваную «вышымайку» з украінскім узорам.

Вось такое бачаньне «славянскага адзінства»
Вось такое бачаньне «славянскага адзінства»

Шмат сувэніраў сёлета прадаецца зь беларускай сымболікай. Ад магнітаў з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі да самаробнага мыла ў колерах дзяржаўнага сьцяга, ад адзеньня «для сапраўдных беларусаў» вытворчасьці прадпрымальніка Ўладзімера Рамановіча да ўпрыгожаньняў з «Пагоняй».

Уладзімер Рамановіч у сваёй «краме»
Уладзімер Рамановіч у сваёй «краме»

Зрэшты, афіцыйнага адкрыцьця «Задзьвінскага кірмашу» з сувэнірамі і шэрагаў з творамі мастакоў і народных майстроў яшчэ таксама не было. Асноўны наплыў пакупнікоў чакаецца ў выходныя, 11 і 12 ліпеня. А 13 ліпеня пройдзе цырымонія закрыцьця XXIV Міжнароднага фэстывалю мастацтваў «Славянский базар в Витебске».

«Праполка» на «Славянскім базары»
«Праполка» на «Славянскім базары»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG