1 мільярд 550 мільёнаў эўра, якія Атэны мусілі ў аўторак пералічыць на рахунак МВФ, зьяўляюцца самай вялікай у гісторыі міжнароднай фінансавай інстытуцыі сумай па абслугоўваньні доўгу, ня выплачанай яе пазычальнікамі. Грэцыя стала першай індустрыйна разьвітой краінай, якая апынулася ў такой сытуацыі.
Міністры фінансаў эўразоны сустрэнуцца зноў сёньня, каб яшчэ раз абмеркаваць умовы дапамогі Грэцыі і пераадоленьня крызісу.
Аднак міністар фінансаў Нямеччыны Вольфганг Шойбле заявіў, што зьдзелка не адбудзецца раней, чым Грэцыя правядзе народнае галасаваньне па прапановах крэдытораў.
Грэцыя застаецца ў падвешаным стане, таму што тэрмін дзеяньня праграмы дапамогі скончыўся, адрэзаўшы краіну ад фінансаваньня і падштурхоўваючы Грэцыю да выхаду з зоны эўра.
Грэцыя ўвяла абмежаваньні на зьняцьце наяўных грошай, каб прадухіліць крах банкаў.