Сьвятлана Курс нарадзілася ў 1972 на Любаншчыне. Скончыла філялягічны факультэт БДУ ў 1994. З 1994 працуе на розныя беларускія СМІ (у тым ліку на дзяржаўнае радыё, Радыё Рацыю, Нашу Ніву, «Свабоду» — газэту і радыё, Белсат). У 2008 выдала кнігу «Шлях дробнай сволачы». З 2013 піша другую. Аповеды і аповесьці друкаваліся ў «Нашай Ніве», «Архэ», «Дзеяслове». Пераклала чатыры аповесьці Густава Герлінга-Грудзіньскага. Жыве ў Варшаве.
1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Ідэальны чытач — любы чалавек. Пасуе кожны.
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
Мне зусім ня пішацца, таму я так мала напісала. Пішу, пераломваючы сябе праз калена. Найменш траўматычна пішацца на кухні пры збанку кавы. Па-мойму, я ўвогуле не пісьменьніца.
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
Хацела б напісаць «Пералётны шынок» Чэстэртана.
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Найбольш я падобная да Васіля Дзятліка зь «Людзей на балоце» Івана Мележа.
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Мае любімыя пісьменьнікі — Гілбэрт Кіт Чэстэртан і Джэйн Остэн.
6. Што вы цяпер чытаеце?
Цяпер чытаю Камілу Лэкберг, але думаю кінуць, бо не задавальняе якасьць. Паралельна — нарвэскія казкі пра троляў.
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
Чытаю на польскай, украінскай, ангельскай і чэскай. На дзьвюх апошніх — асабліва файна, бо разумею зь пятага на дзясятае, таму дадумваю сэнсы.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
У мяне толькі адна кніга на гэты час, але і яе не люблю.
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
Хачу напісаць кнігу, якая ўся будзе пранізаная травой, кветкамі, дрэвамі, і каб там унутры сьпявалі і лёталі птушкі. Па-мойму, зрэшты, такая кніга ўжо напісаная, і мы ў ёй жывем.
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?
Найбольш свабоднай я сябе адчуваю, калі адна еду роварам праз квітнеючыя дзікія даліны, дзе няма ніводнага чалавека. І каб на мне была лёгкая сукенка, у небе сонца, і каб травы набіваліся ў пэдалі і «зорку». У Варшаве гэта вялікая даліна паміж чыгункай і насыпальняй шчэбеню. У Беларусі — ваколіцы мае вёскі. У Менску такіх прастораў ня ведаю.
***
Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы пачалі яе ад «шорт- і лонг-лістараў» сёлетняй прэміі імя Гедройця, працягнулі сябрамі журы гэтай прэміі, а цяпер прапануем гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.