ЭЦБ штодня дасылае сродкі Цэнтральнаму банку Грэцыі, які разьмяркоўвае іх паміж буйнымі банкамі, якія абслугоўваюць насельніцтва.
За апошнія тыдні жыхары Грэцыі зьнялі з банкаўскіх рахункаў мільярды эўра, а 27 чэрвеня зьявіліся вялікія чэргі па грошы. Людзі баяцца, што ў панядзелак, 29 чэрвеня, банкі не адкрыюцца, а ўрад увядзе кантроль над адтокам капіталу.
27 чэрвеня краіны зоны эўра адмовіліся фінансаваць Грэцыю надалей, каб уратаваць яе ад дэфолту па плацяжы 1.6 мільярда эўра Міжнароднаму валютнаму фонду. Гэты плацёж мае быць зроблены да 30 чэрвеня.
Грэцкія ўлады абвясьцілі на 5 ліпеня рэфэрэндум, на якім грамадзяне краіны мелі б прагаласаваць наконт прыняцьця ўмоваў новага крэдыту, неабходнага, каб выплаціць старыя пазыкі.
Прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас заклікаў выбарцаў адхіліць ўмовы, прапанаваныя крэдыторамі. Паводле гэтых умоваў, Грэцыя мела б скараціць дзяржаўныя выдаткі і правесьці эканамічныя рэформы ў абмен на дадатковую пяцімесячную крэдытную праграму.