Пра гэта заявіў журналістам 26 чэрвеня намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Гумінскі — прадстаўнік Беларусі на сэсіі ПА АБСЭ.
Сэсія пройдзе 5-9 ліпеня ў Хэльсынкі. Праект рэзалюцыі агульнага камітэту па палітычных пытаньнях і бясьпецы разьмешчаны на сайце асамблеі.
У дакумэнце ўтрымліваецца заклік да Расеі «адмяніць анэксію Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Сэвастопаля ва Ўкраіне», а таксама адзначаецца неабходнасьць захаваньня прынцыпаў непарушнасьці межаў і тэрытарыяльнай цэласнасьці, мірнага ўрэгуляваньня спрэчак, роўнасьці правоў і самавызначэньня народаў.
«Мы будзем прытрымлівацца ў фарватэры нашай агульнай пазыцыі па гэтым пытаньні, — сказаў Гумінскі. — Мы за гэтае пытаньне не галасавалі ні ў ААН, ні на саміце Ўсходняга партнэрства. Мы заявілі, што ня можам за гэты пункт галасаваць, таму наша пазыцыя будзе адпаведнай».
У рэзалюцыі, якую плянуе прыняць сэсія ПА АБСЭ, таксама ўтрымліваецца заклік да ўсіх бакоў прытрымлівацца Менскіх дамоўленасьцяў.
З гэтай нагоды Гумінскі заявіў:
«Мы ня проста будзем падтрымліваць Менскія пагадненьні, мы агучым нашу пазыцыю, каб гэтая 24-я сэсія не аддаляла нас адзін ад аднаго, перш за ўсё — Расею і Ўкраіну, каб найперш зрабіць крокі па збліжэньні, каб працаваць у напрамку выкананьня Менскіх дамоўленасьцяў, каб парлямэнтарыі сталі таксама асновай, як і палітыкі, для выкананьня абавязацельстваў па Менскіх пагадненьнях».