У Празе на Вацлаўскай плошчы сёньня зьявіліся «зялёныя чалавечкі» і танк. Гэтыя «чалавечкі» ў камуфляжнай форме расейскага войска сымбалізавалі іхных папярэднікаў, якія ў 68-ым годзе з «вызваленчай місіяй» стаялі на тым жа месцы.
Арганізацыя «Чалавек у нядолі» пяты раз праводзіць кампанію «Супраць страты памяці». Гэтая кампанія — частка праекту «Гісторыі несправядлівасьці».
Асноўная мэта кампаніі — ушанаваць ахвяраў савецкай акупацыі Чэхаславаччыны ў 1968 годзе і «зьвярнуць увагу на ўсе іншыя выпадкі, калі Масква выкарыстоўвала танкі, каб не дазволіць краінам выйсьці са сфэры свайго ўплыву».
На Вацлаўскай плошчы прайшла аўдыёвізуальная інсталяцыя — з дэманстрацыяй відэакронікі 68-га году. У цэнтры плошчы стаялі ўзброеныя «зялёныя чалавечкі», на зямлі ляжаў загорнуты ў скрываўленае покрыва манэкен, побач зламаны ровар, дзіцячая каляска — усё гэта павінна было нагадаць атмасфэру таго часу, калі на вуліцах Прагі панаваў гвалт і лілася кроў.
У пэўны момант з турыстычнага аўтобуса выскачылі яшчэ зь дзясятак «зялёных чалавечкаў», якія за сэкунды абставіліся размаляванымі кардоннымі шчытамі, і сфармавалі танк у натуральную велічыню. Танк пад ляскат гусеніц, які разносіўся з рэпрадуктараў, праехаў па Вацлаўскай плошчы і стаў пад аховай узброеных жаўнераў. Прадстаўнік арганізацыі «Чалавек у нядолі» выступіў з прамовай, якую завяршыў словамі: «Мы ня хочам тут расейскіх танкаў! Прэч адсюль!» — і кардонны танк рассыпаўся на шчыты. Людзі, што сабраліся на плошчы, віталі гэты сымбалічны акт зьнішчэньня воплескамі.
«Мы перакананыя, што свабода, якая пануе ў нашай краіне больш за чвэрць стагодзьдзя, ня ёсьць нечым, што само сабой разумеецца, таму мы павінны цаніць яе — нягледзячы на некаторыя праблемы, якія перашкаджаюць нашаму сучаснаму грамадзтву. Дарэчы, многія з гэтых праблем маюць свае карані ў камуністычным мінулым», — кажуць арганізатары кампаніі.
Асноўную ідэю кампаніі выказвае мэмарандум, які можна падпісаць у Інтэрнэце.
Арганізатары акцыі нагадваюць, што савецкія танкі былі сымбалем савецкага імпэрскага экспансіянізму. У 53-ым годзе яны падаўлялі рабочыя пратэсты ва Ўсходнім Бэрліне, праз тры гады патапілі ў крыві рэвалюцыю ў Вугоршчыне, потым быў 68-ы год у Чэхаславаччыне. Таму цяпер арганізацыя «Чалавек у нядолі» заклікае не застацца абыякавымі да таго, што адбываецца на Ўсходзе Ўкраіны і яшчэ раз падкрэсьлівае важнасьць для Чэхіі абранай заходняй палітычнай арыентацыі і прынцыпаў дэмакратыі.
Кожны год 27 чэрвеня ў Чэхіі ўшаноўваюць памяць ахвяраў камуністычнага рэжыму — у гэты дзень у 1950 годзе пасьля сфабрыкаванага працэсу была пакараная сьмерцю доктарка Мілада Горакава, чэхаславацкі палітык і грамадзкі дзеяч. Яе імя стала ў сучаснай Чэхіі адным з сымбаляў ахвяр камуністычных рэпрэсій. Мілада Горакава была абвінавачаная ў «буржуазным нацыяналізьме і падрыхтоўцы дывэрсійнай змовы», працэс над ёй і яшчэ 12-цю чалавекамі зрабілі паказальным, і 27 чэрвеня Міладу Горакаву павесілі ў праскай турме «Панкрац». У 2004 годзе дзень яе пакараньня быў абвешчаны Днём памяці ахвяраў камуністычнага рэжыму.
З гэтай датай зьвязаная яшчэ адна падзея — дваццаць чатыры гады таму Чэхаславаччыну пакінуў апошні савецкі салдат. Таму сёлета кампанія «Супраць страты памяці» прысьвечаная акупацыі Чэхаславаччыны, якая пачалася ў жніўні 1968 году.