Сяргей Скрабец, паплечнік палітвязьня Мікалая Статкевіча па Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада), ачоліць супольную ініцыятыўную групу, якая будзе зьбіраць подпісы грамадзянаў Беларусі за вылучэньне Статкевіча кандыдатам на прэзыдэнта на выбарах 2015 году.
Гэтую прапанову падтрымалі Ўладзімер Навасяд, Зьміцер Дашкевіч ды іншыя палітыкі, чые партыі і грамадзкія арганізацыі далучаюцца да збору подпісаў.
Сёньня спадар Скрабец сказаў Свабодзе:
«Калі мы зьбіраліся арганізацыйным камітэтам, то вырашылі так. Няхай кожная партыя, кожны рух, якія хочуць папрацаваць на Статкевіча, спачатку сфармуюць уласную ініцыятыўную групу. Бо вельмі складана каардынаваць усіх адразу. А пасьля мы робім адзіны сьпіс, каб ня несьці чатыры альбо дзесяць сьпісаў.
Кіраўніком ініцыятыўнай групы быў абраны я. Але для нас гэта не прынцыпова. Для нас прынцыпова падаць заяўку на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Мы абсалютна ня супраць іншых ініцыятыў. Мы зь імі згодныя. Бо мы лічым: чым больш партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і іх сябраў будуць удзельнічаць у ініцыятыўнай групе, тым лепей будзе для Мікалая».
Сяргей Скрабец нагадаў, што ахвотных далучыцца да ініцыятыўнай групы Статкевіча фіксуюць таксама Аб’яднаная грамадзянская партыя і партыя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Пра сваё жаданьне паспрыяць збору подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэньня Мікалая Статкевіча заявіў і кіраўнік руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, які хоча вярнуцца празь пяць гадоў эміграцыі ў Беларусь.
На пытаньне Свабоды, што будуць рабіць паплечнікі Статкевіча, калі Цэнтральная выбарчая камісія ня возьме ў іх дакумэнты на рэгістрацыю, уключаючы сьпісы ініцыятыўнай групы, спадар Скрабец адказаў:
«Па-першае, ЦВК павінна іх прыняць і разгледзець. І даць нам афіцыйны адказ. Калі нам дадуць пасьведчаньні сябраў ініцыятыўнай групы, мы будзем зьбіраць подпісы. Калі не — будзем абвяшчаць байкот выбарам».
Мінімальная колькасьць сябраў ініцыятыўнай групы на прэзыдэнцкіх выбарах, паводле дзейнага заканадаўства, 100 чалавек. Закон дазваляе адной і той жа асобе ўваходзіць у склад групаў некалькіх кандыдатаў на прэзыдэнта.