Пра гэта кіраўнік краіны заявіў на сустрэчы з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам.
Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што міратворчая місія Беларусі па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне вядомая. «Ад яе нікуды не дзенесься. Мы браты, рускія, беларусы, украінцы, мы ад аднаго кораня. Нам балюча, калі адбываецца бяда ў нашых братоў, — сказаў Лукашэнка. — Мы будзем усё рабіць для таго, каб неяк зьмякчыць сытуацыю, а калі магчыма, і спыніць гэтую братазабойчую вайну».
Лукашэнка заявіў, што ня бачыць ніякіх праблем ва ўзаемаадносінах вернікаў у краіне. «Я ня бачу ніякіх праблем ва ўзаемаадносінах нашых вернікаў. Мы гэта вельмі цэнім і будзем берагчы, наколькі гэта магчыма», — сказаў ён.
Таксама Лукашэнка зьвярнуў увагу, што патрыярх Кірыл неаднаразова прыяжджаў у Беларусь, а ў гэты раз пабывае на поўдні краіны, дзе жыве шмат каталікоў. «Праваслаўе і там, на заходніх межах нашай краіны, як ніколі магутнае. Каталікі і праваслаўныя жывуць вельмі мірна, у нас няма ніякіх узаемнывх прэтэнзій, — сказаў Лукашэнка. — Мы стараемся дапамагчы адным і другім, каб людзям было зручна і каб кожны знайшоў сваю дарогу да храму».
Пра гэта піша агенцтва БЕЛТА.