«Беларусы павінныя праяўляць вялікую працоўную актыўнасць для павышэньня свайго дабрабыту. Такое меркаваньне выказала міністар працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марыяна Шчоткіна.
«Каб зарабіць, сёньня ёсьць магчымасьці. Мы паглядзелі, што амаль 93% беларусаў працуюць толькі на адной працы, а гэта і мужчыны. Але калі мама займаецца дома дзецьмі, то няхай тата „пакруціцца“».
Былы міністар працы Аляксандар Сасноў мяркуе, што гэткім чынам улады ў асобе міністра працы перакладваюць адказнасьць за нізкія заробкі на плечы грамадзянаў краіны:
«Пасьля майго кіраваньня Міністэрствам працы — дваццаць гадоў таму — яшчэ можна было „круціцца“ і шукаць працу хоць і на малыя грошы. Цяпер і на малыя грошы працу практычна не знайсьці. І самае галоўнае — улады зрабілі ўсё, каб тыя, хто мог і ўмеў „круціцца“, зьехалі з краіны. Засталіся тыя, хто з тых ці іншых прычынаў „круціцца“ ня можа. Улады ня здолелі стварыць такую эканоміку і такія ўмовы, каб было каму і „круціцца“, і каб яны давалі працу тым, хто „круціцца“ ня можа. Таму ўся адказнасьць за цяперашняе становішча ляжыць на ўладзе».