Альбанія ўвяла бязьвізавы рэжым для грамадзянаў Беларусі, які дзейнічае з 1 чэрвеня да 1 лістапада 2015 году, паведамляе МЗС Альбаніі. Ён датычыць турыстычных і прыватных паездак тэрмінам да 90 дзён.
Таксама візы часова адмяняюцца для грамадзян Аману, Бахрэйну, Грузіі, Катару, Расеі і Савудаўскай Арабіі.
З падарожжа ў Альбанію — яшчэ зь візамі — днямі вярнуўся мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. Мы спыталіся ў яго — што перадусім мусіць мець на ўвазе беларускі падарожнік у Альбанію?
Сяргей Харэўскі: Перадусім, варта ведаць, што ў Альбаніі тыя самыя праблемы зь веданьнем замежных моваў, што і ў Беларусі. Тыя, каму за 70 — трохі ведаюць італьянскую, у абслузе і ў супэрмаркетах — некаторыя, з маладзейшых — трошкі ангельскай. Расейская там не пракоціць таксама, калі вы раптам не сустрэнеце колішніх школьных выдатнікаў з 1950-х) Другая праблема — іншая сыстэма жэстаў і знакаў, што азначаюць там проста супрацьлеглае, чым нашыя жэсты. Варта ведаць таксама, што грамадзкі транспарт вельмі слаба разьвіты, а таму быць гатовымі да карыстаньня таксі. Калі атрымаецца дамовіцца)))
РС: Чаго трэба асьцерагацца?
Харэўскі: Таго самага, чаго і ў іншых краях. Але, да таго — у Альбаніі шмат зьмеяў і скарпіёнаў у траве. Ну, і, вядома ж цыганы, які там жывуць на самым сацыяльным дне, абсалютна літаральна — на сьметніцах. Рэкамэндацыя — не шпацыраваць па начах вакол сьметнікаў)
РС: Чаго нельга прапусьціць?
Харэўскі: Нельга прапусьціць манастыр Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы ХІІІ стагодзьдзя ў Ардэніцы, каменны горад Гіракастра, Охрыдзкае возера і, натуральна, Нацыянальны Гістарычны музэй у Тыране, са славутай мазаікай на фасадзе! Мора і горы не прапусьціць там ніхто)
РС: Чаго ня трэба рабіць?
Харэўскі: Не рабіць рэзкіх рухаў, бо зазвычай спакойныя і вальяжныя альбанцы могуць гэта расцаніць як агрэсію, не дыскутаваць пра палітыку і рэлігію, бо ніяк зьнешне не адрозьніш да якой супольнасьці хто належыць. Ня піць ваду проста з-пад кранаў і не купляць ежу на вуліцы — краіна вельмі цёплая, сыстэма водаправодаў — старая.
РС: Што туды везьці як падарунак?
Харэўскі: Чорнага хлеба і сухіх кілбасаў! Ежа там выдатная, надзвычай якасная і смачная. Але менавіта такія прадукты там дзіва. А нічым больш іх ня зьдзівіш)
РС: А што адтуль прывезьці як сувэнір?
Харэўскі: Пляшку ракіі, больш за 45 градусаў, авечых сыроў, сярэбраных вырабаў, лямцавых вырабаў, вышыванак і. натуральна — антычных каменьчыкаў ды марскіх ракавак!)