Як сказаў Павел Каныгін па прыбыцьці на тэрыторыю Расеі, у так званым «міністэрстве дзяржбясьпекі» сэпаратыстаў, куды яго прывезьлі, на яго наставілі пісталет, абяцаючы прыстрэліць, калі ён зрушыцца. Калі журналіст на пытаньне, ён за сэпаратыстаў ці за «ўкропаў», адказаў, што «за мір», баявік ударыў яго кулаком у вока.
Потым, паводле карэспандэнта, на допыце яму заяўлялі, што ён наркаман і атрымлівае наркотыкамі плату ад Дзярждэпартамэнту ЗША і ад СБУ.
Таксама расейскага карэспандэнта абвінавацілі ў злачынным супрацоўніцтве з-за знойдзенай у яго візытоўкі вядомага журналіста з Данецка Аляксея Мацукі, які цяпер вядзе на Радыё Свабода праект «Донбас.Реалии».
Расейская «Новая газета» паведамляе, што Павал Каныгін, якога сэпаратысты прывезьлі на мяжу з Расеяй, у сераду, 17 чэрвеня, будзе ў Маскве.
Газэта зьвярнула ўвагу, што затрыманьне карэспандэнта сэпаратыстамі і ўжываньне да яго грубай фізычнай сілы адбывалася якраз у той самы час, калі ў Расеі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін на сустрэчы з прэзыдэнтам Фінляндыі Саулі Нійністэ настойваў на неабходнасьці захаваньня Менскіх дамоўленасьцяў.
Раней у аўторак сам журналіст паведаміў Радыё Свабода аб затрыманьні, празь якое ён ня змог прыняць удзел у жывым эфіры расейскай службы радыё, як плянавалася.
Галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзьмітры Муратаў зьвярнуўся ў Міністэрства замежных спраў і адміністрацыі прэзыдэнта Расеі з просьбай умяшацца.
Павел Каныгін апошні час шмат піша ў «Новой газете» пра ўдзел Расеі ў вайне супраць Украіны ў частцы Данбасу, пра датычнасьць да гэтых падзеяў расейскіх вайскоўцаў. Днямі ён знаходзіўся ў акупаваным Данецку.
Павал Каныгін неаднаразова бываў у Беларусі, у прыватнасьці — у 2011 годзе, калі судзілі карэспандэнтку «Новой газеты» ў Менску Ірыну Халіп і яе мужа экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.