Жыхары спадзяюцца, што рамонтнікі ўсё паправяць хаця б да пятніцы.
Не скарыстацца зь лядоўні, не зарадзіць мабільнік і нават не ўключыць сьвятло – гэтак у сталічным мікрараёне Сьляпянка будзе да канца тыдня. На вуліцах, дзе збольшага прыватныя дамы, вырашылі замяніць старую электрасетку – жыхары скардзіліся, што энэргіі не хапала, нават каб прапыласосіць. Што праўда, у поўнае адключэньне электрычнасьці амаль на тыдзень тут спачатку ня верылі. Цяпер жыхары спадзяюцца, што рамонтнікі хаця б укладуцца ў плян.
«Як жыць? Ня ведаю. Лядоўня размарожаная, тэлебачаньне не ідзе. У мяне пажылая маці, яе вывезьці – праблема»
«Каб яны за месяц пасьпелі гэта ў кучу сабраць», – чуваць ад жыхароў.
Улады праблемаў у адключэньні электрычнасьці ня бачаць. А каму нязручна, тым раілі пераехаць да суседзяў. На вуліцы Баграціёна ў аднаго з жыхароў старая маці, таму вывезьці яе нават часова няма як.
«Як жыць? Ня ведаю. Лядоўня размарожаная, тэлебачаньне не ідзе. У мяне пажылая маці, яе вывезьці – праблема», – кажа жыхар вуліцы Баграціёна ў Сьляпянцы.
Іншыя жыхары скардзяцца, што ім спачатку паабяцалі не адключаць сьвятла цалкам. Але пазьней улады пра гэта забылі.
«Кіраўнік электрасетак казаў, што ўдзень можна толькі адключаць і што даўжэй будуць рабіць. Хай бы зрабілі так! У Менгарвыканкам тэлефанавалі на прамую лінію ў гэтую суботу – усе абяцалі дапамагчы, казалі, што з нас пажартавалі, што такога ня можа быць. Бачыце, як пажартавалі!» – абураецца жыхарка Сьляпянкі.
Улёткі з інфармацыяй пра адключэньне электраэнэргіі жыхары мікрараёну знайшлі ў сваіх паштовых скрынях каля двух тыдняў таму. Тэрмінаў зь імі не ўзгаднялі. Рамонтныя працы пачаліся напярэдадні – паводле пляну, хоць, магчыма, не зусім так, як бы гэтага хацелася некаторым жыхарам.
«Пашкодзілі бэтон, які я рабіў каля дома. Пакінулі кучу сьмецьця», – кажа жыхар вуліцы Баграціёна ў Сьляпянцы.
«Пашкодзілі бэтон, які я рабіў каля дома. Пакінулі кучу сьмецьця»,
На прадпрыемстве “Менскія кабэльныя сеткі” альтэрнатывы цяперашняму рамонту ня бачаць. Намесьнік дырэктара Аляксандар Лазоўскі заявіў Свабодзе, што ў Сьляпянцы рамантуюць, узгадненьне з выканкамам тут лічаць дастатковым, дый высьвятляецца, што катэгорыя жыхароў тут ня тая, каб неяк зьмяняць праектны плян.
«Гэта залежыць ад важнасьці спажывальніка. Усяго тры катэгорыі. Тут трэцяя катэгорыя. І іншай магчымасьці выкананьня працаў праект не прадугледжвае, і па тэхналёгіі гэта выканаць немагчыма», – кажа Аляксандар Лазоўскі.
Дырэктар першага прыватнага ЖЭСу ў Беларусі Віктар Кліменка няйнакш як дзікасьцю рашэньне адключыць сьвятло ў цэлым квартале не называе. Паводле Кліменкі, замяніць электрасеткі ў Сьляпянцы можна было б і зь меншым дыскамфортам для жыхароў.
«Улічваючы сучасныя тэхналёгіі, сучасныя магчымасьці, можна было б паралельна зрабіць сеткі, а пасьля проста пераключыць, калі пытаньне проста стаіць у замене сетак. Той, хто прыняў такое рашэньне, відавочна, там не жыве».
Да ўсялякіх адключэньняў у Беларусі ўжо прызвычаіліся. Пытаньне ж, ці зручна гэта жыхарам, відавочна, не стаіць.