У тэлефоннай размове, якая адбылася ўвечары 15 чэрвеня, дзяржаўны сакратар ЗША Джон Кэры заклікаў міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, каб Расея ў далейшым скарысталася перамовамі для ўсталяваньня міру ў Данбасе. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту Джон Кірбі.
«Падчас тэлефоннай размовы з расейскім міністрам замежных спраў Лаўровым дзяржсакратар Кэры заклікаў Расею скарыстацца будучымі сустрэчамі Трохбаковай кантактнай групы і яе працоўных падгрупаў для паскарэньня прагрэсу ў выкананьні Менскіх дамоўленасьцяў», — сказаў Кірбі.
У МЗС Расеі па выніках размовы заявілі, што «пры абмеркаваньні праблематыкі крызісу ва Ўкраіне кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў пацьвердзілі неабходнасьць выкананьня ўсімі бакамі Менскіх дамоўленасьцяў і падтрымалі найхутчэйшае скліканьне ў Менску падгрупаў кантактнай групы, у рамках якіх павінен быць наладжаны наўпроставы ўстойлівы дыялёг Кіева з Данецкам і Луганскам».
16 чэрвеня ў Менску павінна адбыцца сустрэча ўдзельнікаў Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе пры ўдзеле прадстаўнікоў сэпаратыстаў.
«У сустрэчы прымуць удзел Хайдзі Тальявіні (спэцпрадстаўніца АБСЭ, Леанід Кучма (прадстаўнік Украіны), Азамат Кульмухаметаў (прадстаўнік Расеі», — паведаміла напярэдадні ў Фэйсбуку прэсавая сакратарка Леаніда Кучмы Дарыя Аліфер.
Пачатак сустрэчы, паводле яе слоў, заплянаваны на 16:00. Перад гэтай сустрэчай адбудуцца пасяджэньні трох падгрупаў — па бясьпецы, палітычных і гуманітарных пытаньнях.