Азэрбайджанскі журналіст і праваабаронца, які хаваўся ад перасьледу азэрбайджанскіх уладаў у пасольстве Швэйцарыі, вывезены з Баку.
Як паведаміла швэйцарскае дыпляматычнае ведамства, грамадзянін Азэрбайджану Эмін Гусэйнаў пакінуў радзіму на борце самалёта з высокапастаўленым швэйцарскім дыпляматам Дзідзье Буркхальтарам, які прыехаў у Баку на адкрыцьцё Эўрапейскіх гульняў.
Пералёту Гусэйнава з Азэрбайджану ў Швэйцарыю папярэднічалі некалькі месяцаў перамоваў з азэрбайджанскімі ўладамі. Да верасьня 2015 году швэйцарскія ўлады даюць 35-гадоваму Эміну Гусэйнаву магчымасьць вызначыцца, ці мае ён намер падаваць прашэньне аб палітычным прытулку.
Гусэйнаў актыўна крытыкуе аўтарытарны рэжым Ільхама Аліева. Зь леташняга жніўня, калі яго абвінавацілі ў «незаконным прадпрымальніцтве і ўхіленьні ад выплаты падаткаў», ён хаваўся ў будынку пасольства Швэйцарыі ў Баку.
Эмін Гусейнаў, які кіруе праваабарончай журналісцкай арганізацыяй, неаднаразова абвінавачваў урад Аліева ў прыгнёце свабоды слова.
У выніку працяглых перамоваў дыплямату з Швэйцарыі атрымалася вывезьці праваабаронцу Эміна Гусэйнава з Баку.