Бюст Пушкіна быў адкрыты 6 чэрвеня каля Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа. Гэтую скульптуру гораду падарыў фонд «Алея расейскай славы». На п’едэстале разьмешчаныя ўрыўкі з пушкінскіх вершаў «Я помню чудное мгновенье» і «Клеветникам России».
«Иль нам с Европой спорить ново?
Иль русский от побед отвык?..
...Стальной щетиною сверкая,
Не встанет русская земля?..
Так высылайте ж к нам, витии,
Своих озлобленных сынов:
Есть место им в полях России,
Среди нечуждых им гробов...»
Верш «Клеветникам России» Пушкін напісаў з нагоды здушэньня царызмам беларуска-польскага антырасейскага паўстаньня 1830–1831 гадоў.
«Пакуль там будзе пустое месца. Трэба палічыць, наколькі гэта тэхналягічна затратна», — паведамілі БелаПАН у Магілёўскім гарвыканкаме. Там адзначылі, што да такога меркаваньня гарадзкія ўлады схіляюцца, улічваючы неадназначнае стаўленьне мясцовых жыхароў да гэтага верша.
Пры разглядзе пытаньня аб устаноўцы бюста Пушкіна пра надпісы на пастамэнце гаворкі не было, сьцьвярджае цёзка расейскага паэта, чалец грамадзкай тапанімічнай камісіі пры гарвыканкаме, магілёўскі гісторык Ігар Пушкін.
«Пастамэнт не разглядаўся, ён ня быў прадстаўлены на эскізе. На тым, што мы разглядалі, не было ніякіх надпісаў, там была толькі выява бюста Пушкіна, але ніякіх тэкстаў, якія будуць на пастамэнце, не было. Хутчэй за ўсё, гэтыя тэксты зьявіліся потым, калі прывезьлі бюст», — сказаў ён.