Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Папа Францішак не адварочваецца ад Пуціна?


Папа Рымскі Францішак ў сераду прыняў на прыватнай аўдыенцыі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Ад пачатку канфлікту пантыфік неаднаразова выказваў падтрымку ўкраінскаму народу, аднак публічна ён не казаў пра ролю Расеі і яе лідэра. Асобныя аглядальнікі лічаць, што для Пуціна цяперашняя сустрэча азначае апраўданьне як у вачах міжнароднай супольнасьці, так і перад расейскім народам. А якую мэту перасьледуе Папа Францішак? Пра гэта сваімі меркаваньнямі падзяліўся ў інтэрвію Радыё Свабода італьянскі журналіст і пісьменьнік Масіма Франка, аўтар кніг пра Ватыкан і аглядальнік газэты Corriere della Sera.

— Ватыкан афіцыйна не асудзіў дзеяньні Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны, Папа Францішак таксама не прызнае Ўладзіміра Пуціна агрэсарам, а прымае яго на аўдыенцыі. Як вы лічыце, чаму?

— Папа вельмі заклапочаны тым, каб прадухіліць новую халодную вайну паміж Захадам і Расеяй, таму што новая палітычная халодная вайна прывядзе і да рэлігійнай халоднай вайны. Украіна — гэта своеасаблівая мяжа паміж каталіцкім і праваслаўным сьветам, яна таксама зьяўляецца мяжой паміж рознымі праваслаўнымі кампанэнтамі. Пантыфік добра ведае: калі абвастраецца палітычная сытуацыя, павялічваецца і рэлігійнае напружаньне. Таму намаганьні Францішка накіраваны на тое, каб ва Ўкраіне наблізіліся да перамір’я або дамовіліся аб кампрамісе паміж Украінай і Расеяй.

Масіма Франка
Масіма Франка

— Да гэтага імкнуцца і лідэры ЗША і ЭЗ, але большасьць зь іх асуджае паводзіны Пуціна. Чаму Ватыкан заняў процілеглую пазыцыю?

— На дыпляматычным узроўні Ватыкан праводзіць лінію «альтэрнатыўнага Захаду», трохі адрознага ад таго, якім кіруюць ЗША... Дзеючае кіраўніцтва Ватыкану не жадае адчуваць ціску адносна заходняй зьнешняй палітыкі, нават калі ён яе не падзяляе. Факт рэвалюцый, вядомых як «Арабская вясна», істотна адбіўся на адносінах Ватыкану і ЗША. Падчас гэтых рэвалюцый Ватыкан убачыў, што сьвецкія дыктатуры ў Лібіі і Эгіпце былі зрынутыя, і як вынік — хрысьціян там цяпер больш перасьледуюць, чым раней. Тое ж адбылося ў Іраку са зьнішчэньнем Садама Хусэйна. Таму Ватыкан цяпер двойчы думае перад тым, як падтрымаць пазыцыю Захаду.

— Як вы думаеце, Папа Францішак давярае Ўладзіміру Пуціну?

— Ня ведаю, ці давярае Папа Пуціну, але разумеючы сэнс realpolitik, ён усьведамляе, што Пуцін неабходны. Напрыклад, на Блізкім Усходзе расейскага прэзыдэнта лічаць абаронцам хрысьціянскіх меншасьцяў, як праваслаўных, так і каталікоў. І гэта ва ўмовах, калі прысутнасьць Захаду там вельмі абмежаваная і лічыцца незаконнай у вачах мясцовага насельніцтва, у прыватнасьці, у Сырыі. Па-другое, Расея — важны суразмоўца ў пытаньні адносінаў з Іранам. Па-трэцяе, Расея можа быць адным з каналаў, празь якія царква зможа неяк паўплываць на сытуацыю з каталікамі ў Кітаі. Ёсьць яшчэ адзін момант, пра які мала ўспамінаюць. Пуцін, хай і грубымі мэтадамі, у Расеі змагаецца за традыцыйныя хрысьціянскія каштоўнасьці. Пэўным чынам, гэта накшталт таго, што хацела б зрабіць каталіцкая царква ў Эўропе, але ня можа гэтага дасягнуць, таму што Эўропа стала вельмі сэкулярызаваная (г.зн. вызваляецца ад рэлігійнага ўплыву ў грамадзтве — рэд.). Гэта таксама фактар, які аб’ектыўна збліжае царкву і Пуціна.

Cам Пуцін атаясамлівае сябе з «хрысьціянскім царом»

— Такі сабе «хрысьціянскі цар», як вы пішаце пра Пуціна ў сваёй апошняй кнізе пра Ватыкан Папы Францішка («Il Vaticano secondo Francesco»).

— Уласна, сам Пуцін атаясамлівае сябе з «хрысьціянскім царом». Ці сапраўды гэта так, я ня ведаю, але яго паводзіны даюць зразумець: «Я вас буду абараняць; тое, што ў іншых ўжо не атрымліваецца — я працягваю рабіць, даверцеся мне, я на Блізкім Усходзе магу дасягнуць большага, чым Захад».

— У артыкуле для Corriere della Sera вы пішаце пра дарэмныя намаганьні кіраўніка УГКЦ Шаўчука, які заахвочваў Сьвяты прастол выступіць супраць Пуціна. Ці не выглядае гэта так, што Папа пэўным чынам здрадзіў украінскім грэка-каталікам?

— Думаю, што Папа проста мае больш шырокую карціну сытуацыі, чым тая, якую яму прадставілі грэка-каталікі з Украіны. Ён валодае агульнай інфармацыяй аб адносінах унутры ўсяго праваслаўнага сьвету, маючы на ўвазе і грэка-каталікоў, і тых, што па-за межамі Ўкраіны. Казаць пра здраду — гэта перабольшаньне, гэта недакладнае слова. Папа проста хоча, каб усе супрацоўнічалі для паслабленьня канфлікту, і, падобна, грэка-каталікі не заўсёды настроеныя на гэта.

Украінцы ў Рыме пратэстуюць супраць прыезду Пуціна ў Ватыкан
Украінцы ў Рыме пратэстуюць супраць прыезду Пуціна ў Ватыкан



— Маючага вялікі ўплыў і аўтарытэт у міжнароднай палітыцы, Папу Францішка параўноўваюць зь яго папярэднікам Янам Паўлам II. Што агульнага і адрознага вы бачыце паміж Папам-аргентынцам і Папам-палякам?

— Цяперашні пантыфікат, падобна пантыфікату Яна Паўла II, успрымае Захад як такі, што распасьціраецца ад Атлянтыкі да Ўралу. Нешта накшталт вялікага альянсу хрысьціян: праваслаўных, каталікоў, пратэстантаў. Відавочна, такая перспэктыва ўключае і Расею. Натуральна, што польскі пантыфік аналізаваў гэтую перспэктыву вачыма чалавека, які выйшаў з халоднай вайны. Цяперашні Папа дзейнічае пасьля халоднай вайны. Яго міжнародныя парадыгмы вельмі адрозьніваюцца, таму што, паўтараю, скіраваныя супраць лідэрства ЗША ў стратэгічным пляне. Ватыкан бачыць царкву як такую, якая павінна прапагандаваць мір і спакой у сьвеце, нават часам будучы на баку амэрыканскай зьнешняй стратэгіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG