Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Які сэнс праводзіць выбары — прызначылі б адразу Лукашэнку». Апытаньне ў Горадні


Гарадзенцы пра будучыя выбары. Апытаньне Свабоды.

Улада вырашыла прысьпешыць прэзыдэнцкія выбары. У выніку выбарчая кампанія, хутчэй за ўсё, пачнецца ўжо ў сярэдзіне лета. Як вы думаеце, чаму яна так зрабіла? Як вы да гэтага ставіцеся? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Наўпроставы лінк

Малады хлопец: «А які сэнс цягнуць з гэтымі выбарамі? Усё роўна ж кандыдатаў ніякіх няма, дый да лістапада яны ня зьявяцца. Ці ёсьць наагул сэнс праводзіць гэтыя выбары? Прасьцей зэканоміць грошы. Прызначылі б адразу Лукашэнку, дый усё».

Малады хлопец: «Улічваючы тое, што кандыдатаў наагул няма, нават у параўнаньні зь мінулымі выбарамі, то я і сэнсу ня бачу іх прысьпешваць. Ну, навошта гэта рабіць? На мінулых выбарах хоць нейкая была альтэрнатыва, а цяпер нікога — навошта іх прысьпешваць... Раней хоць ілюзія выбараў была, а цяпер і гэтага няма... Пара ўжо афіцыйна абвяшчаць манархію».

Мужчына сярэдняга веку: «Ну, а дзеля чаго патрэбная гэтая сьпешка? Няхай яны патлумачаць, а людзі разьбяруцца. А выбары ўсё роўна трэба праводзіць, раней ці пазьней...»

Мужчына сярэдняга веку: «Магчыма, улады хочуць зэканоміць грошы, каб не зьбіраць дзеля гэтага чарговы раз парлямэнт. Ну, а тое, што выбары пройдуць на месяц раней — гэта што, нешта вырашыць? Ліпень, жнівень, верасень — тры месяцы дастаткова кандыдатам, каб прадставіць свае праграмы».

Мужчына перадпэнсійнага веку: «Я наагул нікога ня ведаю з кандыдатаў і мяняць нічога не хачу, бо зноў пачнецца бардак, усё па-новаму. А мы жывём, здаецца, нармальна».

Жанчына сярэдняга веку: «Наканавана нам так жыць, і ў нас ніхто не пытаецца, як і што рабіць. І так, па-мойму, усё зразумела, чаго чакаць ад выбараў. Усё роўна ведаю, што так яно і будзе. Я ўжо стамілася пратэставаць: і зьнешне, і ўнутрана...»

Мужчына сярэдняга веку: «Я думаю, два-тры тыдні надвор’я ня робяць, таму стаўлюся да гэтага спакойна. Думаю, што кандыдатам дастаткова часу, каб вырашаць свае пытаньні. Ужо варта праводзіць працу, а не адкладаць гэта на апошні час і потым казаць, што мне ня стала часу...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG