Як паведамляе «Голас Амэрыкі», пытаньне агрэсіі Расеі супраць Украіны стала адным з ключавых аспэктаў дыскусіяў на форуме, на які сабраліся габрэі з многіх краінаў сьвету.
«Гэта вайна паміж цемрай і сьвятлом»
Арсені Яцанюк нагадаў пра агульнасьць гісторыі ўкраінскай і габрэйскай нацыяў і жаданьні іншых, шляхам Галакосту або Галадамору, зьнішчыць абедзьве нацыі, ня даць ім магчымасьці разьвівацца і выбіраць свой шлях. Яцанюк нагадаў прысутным, што аддаўшы ў 1994 годзе ядзерную зброю, Украіна сёньня засталася сам-насам з агрэсарам.
«Вы, напэўна, памятаеце, што ў 1994 годзе Ўкраіна падпісала сумна вядомы Будапэшцкі мэмарандум са Злучанымі Штатамі, Вялікабрытаніяй і іншай краінай-суседкай. Украіна аддала адзін з найбуйнейшых ядзерных арсэналаў у сьвеце, і нам абяцалі гарантыі нашай тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту. Такім чынам, мы засталіся бяз зброі, і цяпер страцілі Крым і ўсход Украіны. І гэты канкрэтны факт падрывае глябальныя намаганьні па нераспаўсюджваньні ядзернай зброі», — сказаў Яцанюк.
Украінскі прэм’ер адзначыў, што невыкананьне абавязацельстваў па Будапэшцкім мэмарандуме падрывае ня толькі давер да гарантыяў і пагадненьняў, гэта падрывае сыстэму бясьпекі ў сьвеце.
Сёньня, сказаў Арсені Яцанюк, Украіна вымушаная абараняцца ад агрэсіі Расеі.
«Мы знаходзімся ў стане сапраўднай вайны з Расеяй. Украіна — адзіная краіна ў сьвеце, якая ваюе з рэгулярнай расейскай арміяй. Гэта вайна ня толькі паміж Расеяй і Ўкраінай, гэта вайна паміж мінулым і будучыняй, гэта вайна паміж цемрай і сьвятлом, гэта вайна паміж дыктатурай і свабодай. Каб выйграць гэтую вайну, мы павінны аб’яднацца. Разам мы пераможам, асобна мы прайграем», — падкрэсьліў Яцанюк.
Эмацыйна і са словамі падзякі габрэйскай супольнасьці сьвету прэм’ер-міністар Украіны завяршыў свой выступ.
Габрэі падтрымліваюць Украіну
Амэрыканскі камітэт габрэяў, на форум якога ў гэтым годзе ў Вашынгтон прыбыло шмат прадстаўнікоў габрэйскай абшчыны з Украіны, выступаў за прызнаньне незалежнасьці Ўкраіны нават тады, калі адміністрацыя ЗША яшчэ з асьцярогай ставілася да пэрспэктывы развалу Савецкага Саюза. Пра гэта, прадстаўляючы прэм’ера, нагадаў выканаўчы дырэктар арганізацыі Дэвід Гарыс.
«У 1991 годзе Амэрыканскі камітэт габрэяў заняў гістарычную пазыцыю. Маючы ў Вашынгтоне адміністрацыю, якая не хацела хуткага развалу Савецкага Саюза і станаўленьня Ўкраіны як незалежнай дзяржавы, наша арганізацыя зьвярнулася да прэзыдэнта Джорджа Буша з заклікам прызнаць аднаўленьне незалежнасьці Ўкраіны. Мы заклікалі чальцоў Кангрэса падтрымаць гэтую пазыцыю, і адміністрацыя такі прызнала аднаўленьне незалежнасьці Ўкраіны», — адзначыў Дэвід Гарыс.
Сёньня габрэі сьвету пераконваюць міжнародную супольнасьць стаць на абарону Ўкраіны.
Пра тое, што анэксія Крыму і неабвешчанае ўварваньне ва Ўсходнюю Ўкраіну зьяўляецца грубым парушэньнем міжнародных нормаў, казаў на форуме і міністар замежных спраў Баўгарыі Дэніэл Мітаў.
«Крымінальная анэксія Крыму і вайна на ўсходзе Ўкраіны, жудасныя злачынствы ІГІЛ ў Іраку дэманструюць зьяўленьне альтэрнатыўных палітычных і сацыяльных мадэляў у сьвеце. Яны могуць быць непрымальнымі для нас, але дастаткова прымальнымі для многіх», — адзначыў Мітаў.
У кантэксьце зьмяненьняў у сьвеце і ўзмацненьня радыкалізму, для лібэральных дэмакратыяў сьвету важна трымацца разам, падкрэсьліў прэм’ер-міністар Украіны, якога заля вітала авацыямі.