Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Копач: Скульптура, як і ўся культура, у Беларусі не на першым месцы


Віктар Копач: Скульптура, як і ўся культура, у Беларусі не на першым месцы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:21:46 0:00

Ягоныя скульптуры ўпрыгожваюць гарадзкія плошчы, паркі, марскія ўзьбярэжжы на розных кантынэнтах. А беларускія гарады па-ранейшаму загрувашчаныя помнікамі з эпохі сацрэалізму ды пазьнейшымі ў той жа стылістыцы.

Чаму так сталася, і ці могуць рэалізоўвацца сьмелыя мастацкія ідэі ў Беларусі? Пра гэта, а таксама пра ягонае бачаньне мастацтва зь Віктарам Копачам гутарыць Вячаслаў Ракіцкі. Скульптар толькі што вярнуўся з творчай паездкі ў Індыю. Тым часам у Менску ў Цэнтры сучасных мастацтваў адбылася неардынарная выстава «Мэханізмы: рэфлексіі і мэтамарфозы», на якой дэманстраваліся скульптуры Копача з жывапіснымі творамі Івана Семілетава. У конкурсе на стварэньне помніка карове ў Менску Віктар Копач ня ўдзельнічае.

Фрагмэнты перадачы

Вячаслаў Ракіцкі: Вы — беларускі творца, у вас беларуская школа. І вы ставіце свае скульптуры ў краінах з зусім іншымі культурамі. Няма культурнай, творчай супярэчнасьці? На тых выставах, пленэрах няма канфлікту культураў?

Віктар Копач: Канфліктаў культураў няма. Мы прыяжджаем усе розныя. І мы працуем разам у публічнай прасторы. Да нас прыходзяць людзі. Яны цікавяцца нашай працай. Мы зь імі размаўляем, і яны бачаць розныя школы, параўноўваюць. І гэта вельмі цікава. Цікава і ім, і нам, мы дзелімся сваімі досьведамі, сваімі разуменьнямі сьвету і мастацтва. Мы ўзаемаўзбагачаемся. Кожны з нас разумее, як ягоная скульптура ўпісваецца ў плынь сучаснага мастацтва. Адна справа — бачыць свой твор у майстэрні: думаеш сабе, што няблага. Іншая — бачыць свой твор побач зь іншымі, аўтарства прадстаўнікоў іншай школы, іншай культуры.

Ракіцкі: Нацыянальнае ўжо ня мае значэньня? Мастацтва становіцца ўнівэрсальным? Унівэрсальнае нівэлюе нацыянальнае?

Копач: Не, мы застаёмся самімі сабою. У кожнага свой шлях. Прыкладам, я пачынаў працу з каменем зь беларускіх валуноў, з таго, што мы маем, зь беларускага матэрыялу. Беларусь жа — краіна бяз гораў. Таму ў маёй творчасьці быў мінімальны дотык да матэрыялу. Я пакідаў тым дотыкам тую ідэю, якая ўжо была закладзеная ў валуне. І толькі крыху дадаваў сваёй ідэі, сваёй сутнасьці. Пазьней, калі сутыкнуўся зь іншымі матэрыяламі, мне захацелася ісьці далей у сваёй творчасьці. Узьніклі новыя праекты. Гэта мая асабістая эвалюцыя ў скульптуры.

Ракіцкі: І ўсё ж — беларускае, хоць бы на ўзроўні школы, прачытваецца ў творах, якія вы робіце за мяжой? Ці прачытваюць там беларускае ў вашых скульптурах, зробленых зь іхніх матэрыялаў?

Копач: Канечне. Бальшыня маіх працаў, асабліва пачатку творчасьці, — гэта фігура, стылізацыя фігуры. Толькі празь фігуру я мог выказаць сваё. Было нялёгка адмовіцца ад фігуры і пачаць шукаць нейкія новыя ідэі, новую, больш мэтафарычную плястыку. Але, я так думаю, і цяпер у маіх творах ёсьць адметныя беларускія рысы.

Ракіцкі: Чаму вашы скульптуры запатрабаваныя за мяжой і чаму іх няма ў беларускіх гарадох? Праблема ў тым, што тут нагрувашчваньне сацрэалістычных і постсацрэалістычных помнікаў, а ўвасобленыя ў камені мэтафары быцьця чужыя сучаснай Беларусі? Таму вы ня тут, бо Менску патрабуецца скульптурная карова, а не філязофская абстракцыя?

Копач: Я працую ў Менску таксама. Я працую ў сваёй майстэрні. Прынамсі, тут нараджаюцца мае праекты, эскізы будучых працаў...

Ракіцкі: ...якія рэалізуюцца ня тут, а там, дзе ў іх ёсьць патрэба?

Копач: Ня толькі таму. Справа ў тым, што шлях ад задумы да яе ўвасабленьня нялёгкі і доўгі. Я не падзяляю, ці там, ці тут. Калі ёсьць магчымасьць рэалізаваць сваю ідэю дзе б ні было, я шчасьлівы.

Ракіцкі: А ўвогуле, ці можа беларускі скульптар, па вялікім рахунку, рэалізавацца ў Беларусі?

Копач: Вядома, можа. Гэты час памаленьку прыходзіць. Але скульптура — рэч вельмі дарагая.

Ракіцкі: Эканамічная сытуацыя ў краіне ўплывае на разьвіцьцё беларускай скульптуры?

Копач: Вельмі, вельмі ўплывае. Скульптура ў Беларусі — не пытаньне першай неабходнасьці. Скульптура, як і ўся культура ў Беларусі, не на першым месцы. Для нас, мастакоў, — так, на першым. Для мяне скульптура на першым месцы, бо я ёй жыву, гэта — мой лёс.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG