«Амэрыканскія заканадаўцы, якія вясной пабывалі ва Ўкраіне, кажуць: Расея так адчайна імкнецца схаваць сваё вайсковае ўмяшаньне ва Ўкраіне, што даставіла мабільныя крэматорыі для зьнішчэньня цел расейцаў, якія загінулі на вайне» — піша аглядальнік Bloomberg View Джош Рогін.
У прыватнасьці, журналіст цытуе прыватную размову з Макам Торнбэры, старшынём камітэту Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША па справах узброеных сілаў:
«Расейцы спрабуюць схаваць страты, возячы з сабой мабільныя крэматорыі. Яны спрабуюць схаваць свой удзел ня толькі ад сусьветнай супольнасьці, але і ад расейскага народу» — сказаў кангрэсмэн.
У артыкуле сьцьвярджаецца, што Торнбэры бачыў доказы вэрсіі аб мабільных крэматорыях, якія паступілі як ад амэрыканскіх, так і ад украінскіх крыніц. Аднак кангрэсмэн сказаў, што не можа паведаміць дэталі засакрэчанай інфармацыі.
Разам з Торнбэры ва Ўкраіну пад канец сакавіка езьдзіў кангрэсмэн Сэт Моўлтан. Моўлтан таксама пацьвердзіў журналісту інфармацыю аб мабільных крэматорыях:
«Мы чулі гэта там ад самых розных крыніц, і пачулі дастаткова, каб я пераканаўся ў праўдзівасьці інфармацыі».