Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама заклікаў Расею вывесьці войскі з тэрыторыі Ўкраіны


Барак Абама
Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША запатрабаваў ад Расеі спыніць падтрымку сэпаратыстаў у Данбасе і вывесьці ўсе свае сілы з усходніх раёнаў Украіны.

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама абвінаваціў Расею ў тым, што яна займае ўсё больш агрэсіўную пазыцыю ў дачыненьні да Ўкраіны. Як паведамляе агенцтва France-Presse, Абама заявіў, што падчас яго сустрэчы з генэральным сакратаром НАТО Енсам Столтэнбэргам абмяркоўваліся сытуацыя ва Ўкраіне і ўсё больш агрэсіўная пазыцыя Расеі па гэтым пытаньні.

Ён заклікаў Расею спыніць надаваць падтрымку сэпаратыстам і вывесьці ўсе свае сілы з усходніх раёнаў Украіны:

«Мы зноў пацьвердзілі важнасьць выкананьня менскіх дамоўленасьцяў. Неабходна пераканацца ў тым, што Ўкраіна будзе здольная захаваць тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт, як і любая іншая краіна. Мы працягнем падтрымліваць Кіеў, выкарыстоўваючы партнэрскія адносіны паміж НАТО і Ўкраінай», — сказаў Барак Абама.

Пасьля анэксіі Расеяй Крымскага паўвострава ў сакавіку 2014 году адносіны паміж Масквой і Захадам моцна пагоршыліся і ў цяперашні час знаходзяцца на самым нізкім узроўні з моманту заканчэньня халоднай вайны.

Заходнія лідэры і ўлады Ўкраіны абвінавачваюць Расею ў падтрымцы ўзброеных сэпаратыстаў у Данбасе, забесьпячэньні іх ваеннай тэхнікай і ў прысутнасьці на ўкраінскай тэрыторыі расейскіх вайскоўцаў. Масква абвінавачваньні абвяргае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG