Дэпутат Дзярждумы просіць Генэральную пракуратуру праверыць, ці дзейнасьць пяці некамэрцыйных арганізацый не пагражае канстытуцыйнаму ладу Расеі.
Віталій Залачэўскі зь Лібэральна-дэмакратычнай партыі, які ўваходзіць у камітэт Дзярждумы па справах грамадзкіх арганізацый, 25 траўня накіраваў у Генпракуратуру запыт з просьбай даць указаньне аб правядзеньні праверкі арганізацый Фонд Карнэгі, Transparency International, Human Rights Watch, Amnesty International і фонду «Мемарыял» «на прадмет прадстаўленьня імі пагрозы асновам канстытуцыйнага ладу Расеі, абараназдольнасьці краіны або бясьпекі дзяржавы».
У выпадку выяўленьня і пацьверджаньня такой інфармацыі дэпутат просіць прызнаць гэтыя арганізацыі непажаданымі на тэрыторыі Расіі і прыняць меры пракурорскага рэагаваньня ў адпаведнасьці зь дзейным расейскім заканадаўствам.
На мінулым тыдні прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон аб непажаданых арганізацыях. Згодна з законам, непажаданай можа быць прызнана няўрадавая арганізацыя, «якая прадстаўляе пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу, абараназдольнасці і бясьпецы дзяржавы». Адпаведнае рашэньне прымаецца генэральным пракурорам або яго намесьнікамі па ўзгадненьні з МЗС Расеі. Пералік непажаданых арганізацый будзе весьці і публікаваць Міністэрства юстыцыі.