Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Канах прэзэнтавалі першы мастацкі фільм пра падзеі ў зоне АТО, які здымалі на Данбасе


Рэжысэрам фільму стаў украінец, які 17 гадоў жыве ў ЗША.

Малады хлопец Гена вырашыў уцячы з роднай вёскі ў горад у пошуках лепшага жыцьця, а таксама ўцячы ад грамадзтва, якое яго не разумела.

Аднак сустрэўся з сапраўднай перашкодай — хлопец наступіў на міну і калі паспрабуе ўцячы — яна ўзарвецца. Гэтую гісторыю напісаў малады ўкраінскі сцэнарыст Аляксей Гаўрыленка. Ён прапанаваў сцэнар рэжысэру з Амэрыкі ўкраінскага паходжаньня. Таму каб зьняць гэты фільм, рэжысэр Вофка Салавей прыехаў проста з Лос-Анджэлесу ў ЗША, дзе жыве ўжо 17 гадоў.

Фільм трапіў на Канскі фэстываль у праграму кароткамэтражных фільмаў Short Film Corner. Напярэдадні ў Канах прайшла прэзэнтацыя першага мастацкага фільму пра падзеі ў Данбасе.

— Распавядзі спачатку, як ты здымаў фільм у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны, то бок там, дзе ідзе вайна. Чаму ты вырашыў зьняць гэты фільм менавіта там і як праходзілі здымкі?

— Гэтую гісторыю мне прапанаваў 22-гадовы сцэнарыст з Харкава Аляксей Гаўрыленка. Дарэчы, я тады быў у Менску і працаваў над іншым праектам у Беларусі. Мне сцэнар спадабаўся, але я прапанаваў некалькі зьменаў. У першапачатковым сцэнары падзеі не былі прывязаныя да пэўнай мясцовасьці. А між тым у Данбасе вельмі шмат сапраўдных мінаў, таму мы і вырашылі зрабіць стужку, якая больш адпавядае рэчаіснасьці і распавядае пра падзеі, якія адбываюцца цяпер. Я паехаў у Данбас спачатку з Андрэем Макарэвічам, які зладзіў там канцэрт. Тады я і ўбачыў зруйнаваныя будынкі, што мяне вельмі ўразіла. Яны ў выніку і трапілі ў першыя сцэны фільму.

— Дзе менавіта праходзілі здымкі?

— Напрыклад, праезд у аўтобусе і блёкпост — гэта было пад Славянскам. Але большасьць здымачнай групы, актораў баялася туды ехаць — і гэта зразумела, таму саму сцэну з мінай мы здымалі пад Кіевам.

— Як вам увогуле дазволілі здымаць на блёкпасьце? Ці не было перашкодаў з боку вайскоўцаў?

— Тады не дазвалялі нічога здымаць у зоне АТА. Але мы прыехалі і сказалі, што гэта першы мастацкі фільм падчас рэальнага канфлікту, які дагэтуль там адбываецца. У выніку атрымалі дазвол, нам далі чалавека, які адказвае за прэсу. Што цікава, напрыклад, у першых сцэнах у аўтобусе — сапраўдныя жаўнеры, таму там сапраўды кадры таго, што адбываецца на ўсходзе Ўкраіны.

— Што наконт рэшты здымачнай групы? Хто пагадзіўся туды паехаць, ці не баяліся яны?

— Гэтую стужку здымала вельмі таленавітая апэратарка Аляксандра Мясьнікова. Яна, дарэчы, беларуска. Мы разам зь ёй у Менску чыталі гэты сцэнар, і я пытаюся: «Здымаем?». Адказ: «Здымаем!». Але спачатку Аляксандра баялася ехаць на ўсход Украіны, асабліва калі ўбачыла тыя кадры, якія па расейскім тэлебачаньні паказваюць. Але я ўапэўніў, што гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Яна прыехала, пабачыла і ў выніку пагадзілася.

— Што было самае складанае?

— Калі ты трапляеш туды — адчуваеш страх толькі першыя дзьве гадзіны. Пасьля — і гэта вельмі жахліва — прызвычайваесься да ўсяго: людзі з аўтаматамі ходзяць, бронетранспарцёры, танкі праяжджаюць. Усё становіцца нормай. Нашмат даўжэй прыходзіш у норму, калі вяртаесься ў Кіеў.

— Таксама мне на пачатку казалі, што цяпер немагчыма зьняць фільм, бо грошай няма на гэта і гэтак далей. Але на маю просьбу адгукнуліся вельмі шмат людзей, таму фільм зьняты на прыватныя грошы. Хіба 75% бюджэту ахвяраваў Назар Бонка (украінскі бізнэсмэн — Г. Л.)

— Ці цяжка было трапіць на Канскі фэстываль? Якія былі ўмовы ўдзелу?

— Мы ня трапілі ў конкурс кароткамэтражных фільмаў. Умовы Канскага фэстывалю вельмі строгія: фільм ня можа быць даўжэйшы за 15 хвілін. Наш фільм — 31 хвіліна. Але стужка — частка «Short Film Corner» Канскага фэстывалю. Цяпер мы плянуем зрабіць сусьветную прэм’еру на фэстывалі ў Лёкарна — там ужо будзем у конкурснай праграме.

— І якія ўражаньні ад паказу? Як гледачы ў Канах рэагавалі?

— Я чуў і бачыў, што хтосьці падчас паказу ўвесь час плакаў, калі глядзеў гэтыя кадры. Я не хацеў рабіць палітычнае кіно, гэта фільм на сацыяльную тэму, што самая небясьпечная міна — ня тая, якая на дарозе, а тая, што ў сьвядомасьці ў людзей, якія дапусьцілі гэтую вайну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG