Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Трусаў: Лукашэнку па-свойму баліць душа за занядбаныя сьвятыні


Алег Трусаў
Алег Трусаў

У Беларусі адноўлена больш за тысячу сьвятыняў, зазначае археоляг, гісторык беларускай архітэктуры Алег Трусаў. Тым ня менш сытуацыя з станам рэстаўрацыйнай галіны, паводле дасьледчыка беларускай даўніны, вымагае кардынальных зьменаў. Адмысловец заўважае, што гэта галіна цяпер перажывае трагічныя часы.

«Калі развальваўся Савецкі Саюз дзяржаўную рэстаўрацыю практычна зьнішчылі. Зрабілі яе прыватнай і расьцягнулі па розных фірмах ды майстэрнях. І калі гэтыя майстэрні ўзначальвалі адмыслоўцы, якія разьбіраліся ў гэтай справе, то было ня кепка, але новых кадраў ніхто не рыхтаваў», тлумачыць Алег Трусаў.

Суразмоўца зазначае, што доўга пісаў у розныя ведамствы, у тым ліку Аляксандру Лукашэнку, каб на гэтую праблемы зьвярнулі ўвагу.

«Толькі праз дзесяць год пачалі ўрэшце рыхтаваць такія кадры, — кажа ён, — але пасылаюць іх працаваць на будоўлю кароўнікаў, бо няма ніводнай дзяржаўнай рэстаўрацыйнай арганізацыі куды б можна было маладога спэцыяліста ўладкаваць. А прыватнікі іх не бяруць. Навошта ім канкурэнцыя. Таму ў нас і трагічная сытуацыя. Адмыслоўцы рэстаўратары — мае равесьнікі. Ім па шэсьцьдзесят, семдзесят гадоў, а моладзі няма».

Касьцёл у вёсцы Княжыцы, што пад Магілёвам. Спрабавалі адрэстаўраваць ды кінулі. Цяпер разбураецца
Касьцёл у вёсцы Княжыцы, што пад Магілёвам. Спрабавалі адрэстаўраваць ды кінулі. Цяпер разбураецца

Княжыцкі касьцёл знутры
Княжыцкі касьцёл знутры

На думку Алега Трусава, каб уратаваць рэстаўрацыйную галіну патрэбныя дзяржаўныя арганізацыі, куды б бралі на працу маладых спэцыялістаў. Ён зазначае, што нельга ўсю рэстаўрацыю аддаваць у прыватныя рукі.

«Гэта была вялізарная памылка, калі на пачатку дзевяностых зьнішчылі той інстытут, дзе я працаваў. Ён займаўся рэстаўрацыяй і кансэрвацыяй аб’ектаў. Зьнішчылі архівы, раскралі бібліятэку. Я за тое, каб былі ўзноўленыя такія дзяржаўныя прадпрыемствы. Тады яны будуць канкурэнтамі для прыватнікаў. Дзяржаўныя рэстаўратары павінны рабіць дужа важныя і знакамітыя аб’екты», лічыць Алег Трусаў.

Камяніца манастыра ў Пустынках, што пад Мсьціславам – у чаканьні рэстаўрацыі
Камяніца манастыра ў Пустынках, што пад Мсьціславам – у чаканьні рэстаўрацыі

«Цяпер жа, — працягвае ён, — кожны будаўнік стараецца выкупіць ліцэнзію, сэртыфікат. І ляпае як можа. Рэстаўрацыя ж каштуе намнога даражэй».

Алег Трусаў пагаджаецца з думкай, што за рэстаўрацыю бяруцца будаўнікі, якім усё роўна, ці то дзевяціпавярховік узьвесьці, ці храм адрэстаўраваць.

«І якасьць будзе той жа самай», заўважае старшыня Таварыства беларускай мовы.

«У цэлым — працягвае ён, — нам з вамі пашанцавала мы жывём у эпоху вялікага адраджэньня пасьля яшчэ большага занядбаньня. За больш чым дваццаць гадоў незалежнасьці Беларусі збудавана паўтары тысячы храмаў розных канфэсыяў. З іх адноўлена больш за тысячу. Іншая справа, што не магчыма за дваццаць год аднавіць усё, што бурылі семдзесят».

Чакае рэстаўрацыі адзін з касьцёлаў у Мсьціслаўлі
Чакае рэстаўрацыі адзін з касьцёлаў у Мсьціслаўлі

«Я быў сьведкам як бурылі Мсьціслаўскія храмы. Тады плакалі бабулі, пракліналі тых хто крыжы скідалі. Разбурылі ўсё. Калі я быў ужо ў сыстэме рэстаўрацыі мне пашанцавала. Я прыехаў у свой родны горад і пасябраваў зь першым сакратаром райкаму партыі Пятром Катушкіным. Ён хлопец быў авантурны. Я тады пісаў артыкулы ў мсьціслаўскую раёнку і параўноўваў Мсьціслаў з расейскім Суздалем. У гэты час Катушкін сабраў старшыняў калгасаў і выдзеліў ім дзялянку — ты накрываеш гэтую царкву, а тую. Вось так накрылі. І цяпер храмы адноўленыя».

На заўвагу, што большасьць праваслаўных храмаў — гэта прымітыўныя «мураёўкі» Алег Трусаў рэагуе:

«Прыйдзе час, калі беларуская праваслаўная царква стане аўтакефальнай і ўсе ўзьведзеныя „мураўёўкі“ перабудуюць у нармальным праваслаўным стылі. Ня будуць яны ўвесь час стаяць з гэтымі цыбулінамі. Ламаць іх ніхто ня будзе, але цыбуліны паздымаюць і паставяць нармальныя шатровыя дахі».

«Дарэчы ня ўсе праваслаўныя будуюць у такім стылі. Я бачыў шмат храмаў у стылі барока. Тут многае ад сьвятара залежыць. Ёсьць сьвятары, якія па беларуску службы вядуць. І з кожным днём колькасьць такіх сьвятароў павялічваецца. Сьвядомых беларускіх патрыётаў, якіх раней проста не было быць. У Савецкім Саюзе ніколі беларуса ў Беларусь не пасылалі».

Паводле Алега Трусава, у Аляксандра Лукашэнкі па-свойму баліць душа за занядбаныя сьвятыні. Руплівец беларушчыны прыгадаў як ён разам зь цяперашнім кіраўніком дзяржавы хадзілі ды пісалі прэм’ер-міністру ўжо незалежнай Беларусі Вячаславу Кебічу, каб выдзелілі сродкі на рэстаўрацыю Шклоўскай ратушы. Тыя высілкі скончыліся нічым. Тое, што выдзялялі раскрадалася.

«Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады тут жа ратушу адбудавалі. Таму да гэта ён ставіцца добра. Па меншай меры ён выдзяляе сродкі на Мірскі замак. Вялізарныя грошы. На замак у Нясьвіжы яшчэ большыя грошы», — даводзіць суразмоўца. — Так што ў параўнаньні з тым, што было ў БССР адбудаваныя сотні будынкаў. Кожныя Дажынкі і Дні пісьменнасьці, акрамя фарбаваньня травы нешта ж робяць і добрае. Але ўсе залежыць ад чалавека. Калі чалавек нармальны, то ён зробіць сумленна«.

Пры канцы гутаркі Алег Трусаў зазначыў: трэба памятаць тое, што будуем і рэстаўруем — тое для сябе.

Нядаўна Алег Трусаў выдаў кнігу «Кароткая гісторыя архітэктары Беларусі». Яе днямі прэзэнтаваў у Магілёве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG