Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Дзяржкіно Ўкраіны ў Канах: Расейскія кінематаграфісты робяць прапаганду замест мастацтва


Ва ўкраінскім павільёне на Канскім кінафэстывалі прэзэнтавалі ўкраінскія фільмы. Прэзэнтацыя сабрала аншляг.

Паказаць фільмы на Лазурным беразе Францыі прыехаў кіраўнік Дзяржкіно Ўкраіны Піліп Ільленка разам зь іншымі рэжысэрамі і прадзюсэрамі. У невялікім, але цалкам запоўненым нацыянальным павільёне Ўкраіны сёньня можна было пабачыць трэйлеры як ужо завершаных праектаў, частка зь якіх выйшла ў пракат, гэтак і тых, над якімі праца яшчэ працягваецца. Напрыклад, прэзэнтавалі фільмы «Блакітная сукенка», «Ursus», «Акупацыя», «Павадыр», «Гняздо галубкі», «Толока».

Піліп Ільленка
Піліп Ільленка

Піліп Ільленка адзначыў, што ў іх былі праблемы з фінансаваньнем, таму частку праектаў нават спынілі. Цяпер праца над імі адноўленая і прынамсі частка фільмаў будзе гатовая ўжо сёлета.

Афіцыйна Канскі кінафэстываль скончыцца ў нядзелю, калі падвядуць апошнія вынікі конкурсаў. Але некаторыя нацыянальныя павільёны ўжо вырашылі пакінуць Лазурны бераг Францыі. Паўпусты стаіць павільён Беларусі — паводле арганізатараў, тут ужо правялі прэзэнтацыю фільму і цяпер падводзяць вынікі. У расейскім павільёне паведамілі, што зачыняюцца акурат сёньня — пасьля прэзэнтацыі расейскіх кароткамэтражак. На гэтым тле выгадна адрозьніваецца ўкраінскі павільён, а цягам бліжэйшых дзён адбудуцца прэзэнтацыі трох украінскіх кароткамэтражак, адна зь іх — «Міна» датычыць падзеяў у Данбасе.

Днямі ў Канах прайшоў паказ «Humans lives here» — паводле творцаў стужкі, гэта аб’ектыўны фільм пра тое, што адбываецца ва ўсходняй Ўкраіне. Тыя, хто глядзеў гэтую стужку, кажуць, што гэта чарговы прапагандысцкі праект, які паказвае толькі адзін бок вайны ва Ўкраіне. Пра гэты фільм ва ўкраінскім павільёне чулі.

«Я не хаджу ў расейскі павільён. У нас цяпер цяжкія дачыненьні з Расеяй. У першую чаргу з-за таго, што нашыя расейскія калегі свой талент скіравалі на тое, каб удзельнічаць у прапагандысцкіх фільмах замест таго, каб канцэнтравацца на мастацтве, якое ня мае межаў. Але гэта праблема сучаснага грамадзтва ў Расеі ў цэлым, а ня толькі кінэматаграфістаў. Нам цяжка казаць пра супрацу ў кінэматографе, але ня бачу цяпер такіх магчымасьцяў найбліжэйшым часам».

Прадусарка ўкраінскіх кароткамэтражных фільмаў падчас Канскага фэстывалю распавяла, што ў параўнаньні зь мінулым годам інтарэс да ўкраінскага павільёну сёлета меншы. Прычына ў тым, што летась былі заяўленыя фільмы, якія бралі ўдзел у фэстывалі, такія як «Майдан» беларускага рэжысэра Сяргея Лазьніцы ці «Племя», у якім зьнялася беларуска Яна Новікава, але таксама і ў сувязі з абмежаваным фінансаваньнем і сытуацыяй у краіне.

Сёлета ў нацыянальным украінскім павільёне зьбіраюць подпісы за вызваленьне ўкраінскага рэжысэра і сцэнарыста, актывіста Эўрамайдану Алега Сянцова. Яго арыштавалі летась у Крыме — паводле расейскіх уладаў, украінскі рэжысэр рыхтаваў сэрыю тэрарыстычных актаў у Крыме. Абвінавачаньні Сянцоў абвяргае.

Збор подпісаў за вызваленьне Алега Сянцова
Збор подпісаў за вызваленьне Алега Сянцова

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG