Гэтак лічыць шмат хто з палітычных камэнтатараў, спасылаючыся на тое, што лідэры Эўразьвязу ў Рызе не запрапануюць гэтым дзьвюм краінам бязьвізавага рэжыму. Малдова атрымала такі рэжым ад Брусэлю ў красавіку 2014.
«Калі мы не дасягнем прагрэсу ў такіх пытаньнях, як лібэралізацыя візавага рэжыму, гэта будзе раўназначна з прызнаньнем абсурднай лёгікі, паводле якой аблягчэньне грузінскаму турысту падарожжа ў Парыж пагражае інтарэсам Расеі», — заявіў перад самітам прэзыдэнт Грузіі Георгі Маргвэлашвілі.
Прэзыдэнт Грузіі такім чынам пракамэнтаваў ранейшае выказваньне прэсавага прадстаўніка МЗС Расеі, які сказаў, што саміт у Рызе мае «антырасейскую накіраванасьць».
У праекце дэклярацыі сустрэчы ў Рызе, які прасачыўся ў СМІ два месяцы таму, нічога ня кажацца пра эўрапейскія пэрспэктывы краінаў-удзельніц праграмы Ўсходняга партнэрства. Праект таксама вельмі асьцярожна падыходзіць да канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
У прыватнасьці, праект дэклярацыі рыскага саміту:
1. Адзначае, што ў Менску ў чэрвені мае адбыцца «нефармальны партнэрскі дыялёг» — сустрэча прадстаўнікоў міністэрстваў замежных справаў ЭЗ і краінаў-удзельніц Усходняга партнэрства.
2. Канфлікт ва ўсходняй Украіне апісвае фразай: «Падзеі ва Ўкраіне паказалі, што ў ХХІ стагодзьдзі на эўрапейскім кантынэнце асноўныя прынцыпы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці ўжо не зьяўляюцца нечым само сабой зразумелым».
3. Згадвае Расею аднойчы, у кантэксьце незаконнага далучэньня Крыму, якое тэкст апісвае як «парушэньне міжнароднага права і наўпроставы выклік міжнароднай бясьпецы».
Чакаецца, што падчас саміту Ўкраіна падпіша пагадненьне з ЭЗ аб наданьні ёй крэдыту памерам 1,8 мільярда эўра; Эўрапейская камісія мае таксама запрапанаваць фінансавую падтрымку малым і сярэднім фірмам у Грузіі, Малдове і Ўкраіне.