У першым туры галасаваньня, які прайшоў 10 траўня, перамог Анджэй Дуда (кандыдат ад апазыцыйнай партыі Права і справядлівасьць), набраўшы 34,76% галасоў. На другім месцы апынуўся дзейны прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі — 33,77%. Другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы пройдзе 24 траўня.
«Я — чалавек незалежны і ня маю над сабою ніякага старшыні», — сказаў падчас тэледэбатаў Браніслаў Камароўскі, намякаючы на тое, што Анджэй Дуда — хутчэй несамастойны палітык, які моцна залежыць ад аўтарытарнага лідэра Права і справядлівасьці Яраслава Качынскага.
Дуда закінуў Камароўскаму палітычную хісткасьць і бесхрыбетнасьць, кажучы, што той «зь пятніцы на суботу памяняў думку адносна зьменаў у канстытуцыі». Гэткім чынам Дуда аднёсься да заявы Камароўскага правесьці канстытуцыйны рэфэрэндум па аднамандатных выбарчых акругах, якую Камароўскі зрабіў пасьля першага туру выбараў.
Тэледэбаты закраналі пытаньні палітыкі бясьпекі, замежных справаў, дзяржаўнага ладу, эканомікі і ўнутраных справаў. У ацэнцы большасьці польскіх камэнтатараў, у іх перамог Камароўскі, які быў больш напорысты і пераканаўчы, чым Дуда.
Другі раўнд тэледэбатаў Камароўскі-Дуда — на тэлеканале TVN24 — адбудзецца 21 траўня.
З апублікаванага 15 траўня апытаньня Інстытуту рынкавых і грамадзкіх дасьледаваньняў вынікае, што за Дуду хоча галасаваць 48% апытаных, за цяперашняга прэзыдэнта — 43,2%.
Усяго за дэбатамі сачыла 10,6 млн тэлегледачоў.