Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька: Лёсам Статкевіча запалохваюць будучых кандыдатаў на прэзыдэнта


Анатоль Лябедзька, архіўнае фота
Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што новае асуджэньне Мікалая Статкевіча стала вынікам аслабленьня ціску на Лукашэнку ўнутры краіны і з боку Захаду

«Для мяне гэтае рашэньне было ўжо чаканым. Бо прайшоў той час, калі можна было гуляць у моцнага правіцеля, які міласэрны да сваіх апанэнтаў. І мяркую, зараз чым бліжэй прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, тым менш шанцаў, каб адпусьцілі палітвязьняў, у прыватнасьці Статкевіча. Для ўлады ён зараз выконвае іншую функцыю. Гэта запалохваньне апанэнтаў улады, жывы прыклад таго, што можа быць, калі вы паспрабуеце перайсьці рысу, якую для вас намалявала ўлада. А гэта рыса моцнай самацэнзуры. Вызваленьне Статкевіача магло б адбыцца, калі б больш рашучым было слова міжнароднай супольнасьці. А Лукашэнка зразумеў, што, негледзячы на рыторыку, палітычнай волі няма ў словах пра гэтую праблему. Зразумеў, што ніхто ня будзе біцца, рэзка настойваць, што прынялі ягоныя правілы дэпалітызацыі дыялёгу, і таму шанцы на вызваленьне Статкевіча ды іншых палітвязьняў у апошні час зьменьшыліся».

Карэспандэнт: «У вашых словах прагучала прэтэнзія адносна пазыцыі Захаду. А як наконт унутранай палітычнай сытуацыі?»

«Гэта не прэтэнзія, але канстатацыя фактаў. Тут усё разам. Захад не займаецца праблемай беларускіх палітвязьняў у чыстым выглядзе, тут і геапалітыка, і падзеі ва Ўкраіне, таму гэта нялёгкае рашэньне — ісьці на дыялёг з Лукашэнкам. Трэба было больш настойліва патрабаваць гэтага раней, да вядомых падзей, і вынік мог бы быць. А што датычыць унутранай сытуацыі, дык мы бачым, што за гэты час самацэнзура стала вельмі моцным трэндам. Гэта датычыць і палітыкаў, і грамадзкіх арганізацый, і журналісцкай супольнасьці, літаральна ўсіх — на вялікі жаль. Я сам быў арганізатарам акцый салідарнасьці са зьніклымі, калі па некалькі тысячаў выходзілі з партрэтамі, станавіліся ўздоўж праспэкту. Зараз гэта ўзгадваецца як нешта абсалютна неверагоднае. Поле дзейнасьці па гэтым пытаньні сапраўды зьменьшылася. Але разам з тым нельга казаць, што мы стаміліся. Трэба быць прынцыповымі і працягваць змагацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG