Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстан: «лідэр нацыі» ідзе на пяты тэрмін


Нурсултан Назарбаеў
Нурсултан Назарбаеў

Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) лічыць, што выбарцы падчас нядзельных выбараў, у выніку якіх было працягнута панаваньне прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева, мелі невялікі выбар з-за абмежаваньняў на свабоду выказваньня і адсутнасьці рэальнай апазыцыі.

Карнэлія Ёнкер, кіраўнік назіральнай місіі АБСЭ, заявіла падчас брыфінгу ў Астане 27 красавіка, што ў нядзельных выбарах, у якіх, паводле афіцыйных паведамленьняў, Назарбаеў быў абраны на пяты тэрмін, набраўшы 97,7% галасоў, не хапала «вартай даверу апазыцыі».

У перамозе Назарбаева ніколі не было сумневаў, і кіраўнік ЦВК Куандык Турганкулов сказаў, што яўка выбарцаў афіцыйна склала 95.22% — рэкордны вынік для прэзыдэнцкіх выбараў у краіне.

Назарбаеў пажартаваў з нагоды вынікаў, агучаных Цэнтральнай выбарчай камісіяй Рэспублікі Казахстан. Ён сказаў на брыфінгу для прэсы 27 красавіка, што хоча папрасіць прабачэньня ў «назіральнікаў, заканадаўцаў, дэпутатаў з многіх краін» за тое, што вынікі выбараў могуць быць «непрымальныя для супэрдэмакратычных краін».

Але Назарбаеў дадаў, што «нічога ня можа зрабіць», бо ўмяшаньне ў працу тых, хто падлічваў галасы, азначала б «недэмакратычны падыход».

Ён сказаў казахам, што яны «прадэманстравалі ўсяму сьвету, што палітычная культура Казахстану — гэта еднасьць і адказнасьць».

Сп-ня Ёнкер сказала, што «дзейны прэзыдэнт і яго палітычная партыя дамінуюць у палітыцы» і «выбарам ня быў прапанаваны сапраўдны выбар паміж палітычнымі альтэрнатывамі».

Маніторы ад Садружнасьці Незалежных Дзяржаў (СНД) не пагадзіліся з заходняй заклапочанасьцю з прычыны адсутнасьцю канкурэнцыі і высока ацанілі абраньне, так як яны часта робяць пасьля выбараў у былых савецкіх рэспубліках, якія маюць цесныя сувязі з Расеяй.

Кіраўнік місіі, выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, заявіў 27 красавіка, што «мы не назіралі сур’ёзных парушэньняў, якія маглі б паўплываць на вынік».

Лебедзеў, які быў кіраўніком зьнешняй разьведкі Расіі ад 2000 да 2007, сказаў, што было «некалькі чыста арганізацыйных праблем».

Дзьмітрый Мезенцаў, кіраўнік місіі назіраньня за выбарамі ад Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, сказаў, што выбары былі «празрыстыя, свабодныя і дэмакратычныя».

Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін і прэзыдэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон былі аднымі зь першых сусьветных лідэраў, якія павіншаваць Назарбаева зь перамогай на выбарах.

Чарговыя прэзыдэнцкія выбары ў Казахстане былі заплянаваныя на 2016 год, але галасаваньне было перанесенае на 26 красавіка сёлета, пасьля таго, як народны сход пад старшынствам Назарбаева вырашыў, што яны мусяць быць праведзеныя датэрмінова, каб «забясьпечыць пераемнасьць цяперашняй палітыкі».

Назарбаеў мае афіцыйны тытул «лідэр нацыі».

Ягоная партыя Нур Атан кантралюе амаль усе аспэкты паўсядзённага жыцьця ў 18-мільённай краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG