Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя ня лічыць распаўсюд савецкіх і расейскіх сьцяжкоў правапарушэньнем


Распаўсюд савецкіх сьцяжкоў каля ГЦ "Эвіком"
Распаўсюд савецкіх сьцяжкоў каля ГЦ "Эвіком"

Такі адказ з Кастрычніцкага РАУС атрымаў віцебскі праваабаронца Павал Левінаў.

Ён прасіў пакараць асобаў, якія распаўсюджваюць сьцяжкі, замінаючы мінакам навязьлівымі прапановамі. І са зьдзіўленьнем даведаўся, што адміністрацыйную справу за распаўсюд сымболікі, аказваецца, распачыналі супраць яго самога.

Заяву наконт навязьлівых распаўсюднікаў, якія да таго ж дэманструюць уласныя палітычныя перакананьні, што падпадае пад адміністрацыйны артыкул як несанкцыянаванае пікетаваньне, праваабаронца першапачаткова накіраваў у абласное ўпраўленьне МУС. Адтуль яму напісалі, што перадалі допіс і прыкладзеныя фотаздымкі распаўсюднікаў савецкай сымболікі ў райаддзел міліцыі «па месцы здарэньня». Гэтым месцам быў падворак гандлёвага цэнтру «Эвіком», дзе даволі часта можна сустрэць хлопца і дзяўчыну з чырвоным сьцяжкамі. Абодва нібыта глуханямыя, зносяцца паміж сабой жэстамі, чапляюцца да мінакоў, спачатку торкаючы ім у рукі сьцяжкі, а потым патрабуючы грошай. Сьцяжок каштуе 20 тысяч, пра гэта напісана на паперцы побач са словамі «Народжаны ў СССР», якую распаўсюднікі дэманструюць мінакам....

Старшы лейтэнант Сяргей Вяракса з Кастрычніцкага РАУС, які падпісаў адказ праваабаронцу, вынес пастанову на падставе праверкі, якую нібыта праводзілі супрацоўнікі міліцыі. «Падчас праведзенай праверкі асобы (распаўсюднікаў) высьветлены не былі. Такім чынам, праведзенай праверкай было ўстаноўлена, што ў дзеяньнях неўсталяваных асобаў няма складу адміністрацыйнага правапарушэньня».

Парадаксальная міліцэйская пастанова
Парадаксальная міліцэйская пастанова

Павал Левінаў кажа: «Лёгікі няма: правапарушэньне ці было, ці не было. Незалежна ад таго, высьветлены асобы правапарушальнікаў або не! Паводле рапартаў, міліцыянты хадзілі вакол гандлёвага цэнтру „Эвіком“, паказвалі фотаздымкі распаўсюднікаў, распытвалі гандляроў, і не змаглі высьветліць, хто гэта быў. Цікава атрымліваецца: калі ім трэба, дык міліцыя лёгка даказвае, хто з апазыцыянэраў матам лаяўся ў тры гадзіны ночы, хто спраўляў патрэбу ня ў тым куце... Апошні віцебскі выпадак, знакаміты фотаздымак з папяровымі птушкамі і клеткамі. Усіх міліцыя знайшла! Можа, кагось з удзельнікаў міліцыянты ведалі і раней, але знайшлі нават выпадковага мінака, які сфатаграфаваўся за кампанію! І ўсіх пакаралі. А тут я даслаў фотаздымкі, буйным плянам твары распаўсюднікаў, відаць, што яны робяць — і нікога не знайшлі... Гэта адзін момант. А другі — такі: калі пішуць, што правапарушэньня не было, дык навошта ўвогуле было шукаць?»

Як вынікае з пастановы спадара Вяраксы, з распаўсюднікамі савецкіх сьцяжкоў, калі іх пашчасьціць «вылічыць», міліцыянты будуць праводзіць «прафіляктычныя гутаркі аб недапушчальнасьці таго, каб замінаць перасоўваньню мінакоў і транспартных сродкаў».

І ўрэшце, з пастановы старшага лейтэнанта Вяраксы вынікае зусім ужо парадаксальная рэч: аказваецца, па заяве праваабаронцы наконт распаўсюднікаў сьцяжкоў была заведзена адміністрацыйная справа.... супраць яго самога! Бо супрацоўнік так і піша: «Справу ў дачыненьні да грамадзяніна Левінава П.І. спыніць на падставе арт. 23.34 праз адсутнасьць складу правапарушэньня».

Да ўсяго, пастанова была вынесена 12 красавіка, якраз на Вялікдзень. Верагодна, супрацоўнікі міліцыі імпэтна працуюць і па выходных, але гэта не падстава парушаць заканадаўства, гаворыць Павал Левінаў:

«Пастанова выклікала ў мяне шок. Аказваецца, старшы лейтэнант Вяракса спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненьні да мяне — аказваецца, гэта ў маіх дзеяньнях няма складу правапарушэння! Атрымліваецца, калі грамадзянін зьвяртаецца з заявай у міліцыю, ён аўтаматычна робіцца падазраваным у адміністрацыйным правапарушэньні! Я разумею, пастанова выносілася 12 красавіка, на Вялікдзень, яйкамі, можа, перастукаліся некаторыя супрацоўнікі ў форме... „Наша служба и опасна и трудна“, як у той песьні сьпяваюць, але ж не да такой ступені!»

Калі складу правапарушэньня ў распаўсюдзе сымболікі міліцыя ня бачыць, Павал Левінаў пісьмова папярэдзіў начальніка Кастрычніцкага РАУС пра ўласны намер. Ён зьбіраецца з 1-га па 3-га траўня распаўсюджваць бел-чырвона-белыя сьцяжкі ў грамадзкіх месцах гораду. А ў суд Кастрычніцкага раёну ён рыхтуе заяву паводле пастановы Сяргея Вяраксы, зь якога вынікае, што за зварот у міліцыю грамадзянін аўтаматычна робіцца патэнцыйным правапарушальнікам.

Павал Левінаў рыхтуе бел-чырвона-белыя сьцяжкі
Павал Левінаў рыхтуе бел-чырвона-белыя сьцяжкі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG