Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў кінааналітык і культуроляг Максім Жбанкоў, камэнтуючы сытуацыю з забаронай амэрыканскай драмы «Нумар 44».
Галівудзкую драму «Нумар 44» у Расеі зьнялі з пракату за дзень да прэм’еры. Расейская кампанія «Цэнтрал Партнэршып», якая займаецца пракатам у Расеі амэрыканскага фільму, адклікала яго з кінатэатраў па просьбе Міністэрства культуры РФ. У Беларусі кінастужку таксама зьнялі з пракату — яна проста не паступіла ў Менск з Расеі.
Кінакрытык Максім Жбанкоў лічыць, што практыка закупаў заходніх кінастужак праз Расею — гэта інэрцыя савецкай сыстэмы распаўсюду культурніцкай прадукцыі, якая заўсёды мела сваім цэнтрам Маскву:
«Натуральна, што ва ўсе рэгіёны Савецкага Саюзу (а мы ў культурніцкім пляне шмат у чым застаемся менавіта рэгіёнам вось гэтай самай расейскай сеткі культурніцкага распаўсюду) гэта ўсё трапляла з цэнтру.
У нас яшчэ ў першы год незалежнасьці была адбудаваная сыстэма кінапракату, якая збольшага карысталася расейскімі рэсурсамі, і дагэтуль застаецца, так бы мовіць, філіялам расейскай кінаіндустрыі. Таму мы ў экранным сэнсе расейсказалежныя, і тое, што адбываецца або не адбываецца ў Расеі, наўпрост паўплывае на нашу рэпэртуарную сытуацыю. Каб набываць стужкі самастойна, трэба радыкальна мяняць культурніцкую палітыку, трэба самастойна наўпрост зьвяртацца да дыстрыб’ютараў. Але тут таксама паўстаюць праблемы, бо калі мы гэта будзем рабіць, то трэба, натуральна, адбудоўваць адпаведную сыстэму перакладу на беларускую мову (дубляжу), а гэта каштуе шмат грошай, трэба дамаўляцца з дыстрыб’ютарамі, а гэта яшчэ дастатковыя праблемы для нашага кінапракату. Прасьцей далучацца да Расеі і атрымліваць гатовы пакет: стужка, рэклямныя ролікі, плякаты і г.д», — адзначае кінааналітык.
Саму драму «Нумар 44» Жбанкоў ня бачыў, таму пра якасьць кінастужкі меркаваць ня можа.
«У дадзенай сытуацыі, як і ва ўсіх аналягічных сытуацыях забароны кінастужак, трэба мець на ўвазе тое, што звычайна падставы для гэтай забароны ня маюць нічога агульнага з мастацкай якасьцю стужкі. Часьцей за ўсё пад забарону трапляюць непажаданыя сюжэты, альбо непажаданыя трактоўкі шырока вядомых сюжэтаў. У дадзеным выпадку цікава адзначыць, што фактычна пачаўся продаж квіткоў, пачалася рэклямная кампанія, і ў прынцыпе не было ніякіх перашкодаў для таго, каб нармальны мэханізм камэрцыйнага прагляду (а гэтая стужка, наколькі я разумею, арыентаваная менавіта на камэрцыйны прагляд) закруціўся. Тут цікава тое, што адмена адбылася фактычна на апошніх этапах раскруткі і таму тут, магчыма, далучыліся нейкія зьнешнія імпульсы. І, магчыма, тыя структуры, якія вырашылі, што яны ў гэтай стужцы будуць паказаныя ў непажаданым сьвятле, вырашылі далучыцца да блякіроўкі гэтага сюжэту. Вядома, што стужка зробленая паводле рэальных абставінаў, і рэальнае расьсьледаваньне паводле гэтай гісторыі цягнулася доўга і было зьвязана са шматлікімі праблемамі», — кажа кінааналітык.
Фільм «Нумар 44» пра расьсьледаваньне сэрыі забойстваў у Савецкім Саюзе зьняў швэдзкі рэжысэр Даніэль Эсьпіноса па матывах кнігі брытанскага пісьменьніка Тома Роба Сьміта «Сорак чацьвёртае дзіця». Сьміт, які атрымаў за гэтую кнігу некалькі прэстыжных прэміяў, раней паведамляў Радыё Свабода, што ў аснову задумы легла гісторыя савецкага сэрыйнага забойцы Андрэя Чыкацілы. Галоўны герой фільму і кнігі — вэтэран вайны і супрацоўнік КДБ Леў Дзямідаў — расьсьледуе сэрыю забойстваў дзяцей. Дзямідаў аказваецца пад ціскам начальства, якое лічыць, што прызнаць існаваньне маньяка ў савецкім грамадзтве было б тое самае, што і здрадзіць дзяржаве.
Прадстаўнікі Міністэрства культуры Расеі і фірмы-пракатчыка выпусьцілі сумесную заяву, у якой абвінавацілі аўтараў фільму «ў скажэньні гістарычных фактаў», а таксама вобразаў і характараў савецкіх людзей той эпохі.