Былыя супрацоўнікі ахоўнай кампаніі Blackwater былі асуджаныя да пажыцьцёвага і трыццацігадовага зьняволеньня ў сувязі з забойствам 14 цывільных іракцаў ў 2007 годзе.
Нік Слатэн, які, паводле сьведкаў, першым адкрыў агонь, атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне па абвінавачваньні ў забойстве першай ступені.
Пол Слоў, Івэн Лібэрці і Дасьцін Гэрд атрымалі па 30 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньнях у забойстве, у замах на забойства, і ва ўжываньні агнястрэльнай зброі пры ўчыненьні цяжкага злачынства.
Чацьвёра асобаў былі асуджаныя ў кастрычніку 2014 за крывавую бойню на плошчы Нісур у Багдадзе.
Тады 14 чалавек былі забітыя і 17 параненыя, калі прыватныя ахоўнікі адкрылі агонь, каб расчысьціць шлях для амэрыканскага канвою. Інцыдэнт выклікаў міжнародны скандал з прычыны выкарыстаньня прыватных ахоўнікаў у зоне ваенных дзеяньняў.
Падчас слуханьняў 13 красавіка адвакаты абвінавачаных прасілі аб зьмякчэньні пакараньня, даводзячы, што іх кліенты былі пад агнём і самі вялі агонь у мэтах самаабароны.
Абвінавачваньне апісвала іх паводзіны, як несправакаваны напад, і падкрэсьлівала, што абвінавачаныя заслугоўваюць больш жорсткіх прысудаў, бо былыя ахоўнікі ніколі не выказвалі ніякага раскаяньня.
Судзьдзя Ройс Ламбэрс адхіліў абодва пазовы — абвінавачваньня і абароны, ён сказаў, што з улікам сур’ёзнасьці злачынства, пакараньне не зьяўляцца празьмерным.
На суд у ЗША былі дастаўленыя пацярпелыя і сьведкі бойні, учынены былымі супрацоўнікамі Blackwater у Багдадзе 8 гадоў таму.
Махамад Кінанія Аль-Раззак, чый дзевяцігадовы сын быў забіты тады на плошчы Нісур, сказаў падчас свайго выступу, што злачынцы, якія паўсталі перад судом, нічым не адрозьніваюцца ад тэрарыстаў.