Беларускі наракаюць, што ўсе яны, любога ўзросту, да канца жыцьця «дзевушкі» альбо «жэншчыны». Камусьці пашчасьціць пачуць на свой адрас: «Дама». Часам гучыць «мадам» — але зь іншым адценьнем. У Чэхіі апроч звыклых «пані» і «слэчна» (дзяўчына), прывязаных да ўзросту, існуе наймілейшы зварот: «Млада пані». Тут няма правілаў: такі зварот наўпрост залежыць ад добрай волі таго, хто яго прамаўляе. «Млада пані» — паказьнік, што цябе успрымаюць маладой.
Беларускія мовазнаўцы, узбагачаючы слоўнік, прапануюць у дадатак да «спадарыні» — «спадарычню». Няхай бы падумалі над зваротам, які б нязьменна ствараў добры настрой у любой спадарыні, аднесенай адным словам да катэгорыі маладых. Ён прыжывецца, веру.
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org