Анка Упала
Мыцьцё посуду дапамагала Агаце Крысьці прыдумляць дэтэктыўныя сюжэты пра забойствы. Я мыю посуд і думаю пра загадку Сяргея Прылуцкага ў ягонай іпастасі празаіка Сірожкі Пістончыка, спадзеючыся, што нялюбы занятак ангельскай дэтэктыўшчыцы дапаможа мне яе разгадаць. Пра загадку я яшчэ напішу ніжэй, а пакуль ― крыху пра іншае.
Памятаеце мару беларускамоўнай інтэлігенцыі пра гопнікаў і прастытутак, якія гавораць па-беларуску? Не, яна ўсё яшчэ ня зьдзейсьненая, але ў яе чаканьні ўжо можна чытаць кнігу «Дэгенэратыўны слоўнік» Пістончыка і верыць у тое, што гэта магчыма. Беларускай прозе часта закідаюць тое, што чытачам зь цяжкасьцю верыцца ў пэрсанажаў, якія спрэс гавораць па-беларуску, праз гэта, у прыватнасьці, беларуская сучасная драматургія сышла ў расейскую мову, за выключэньнем гістарычных і казачных сюжэтаў. Але Сірожка Пістончык малюе цалкам жыцьцяздольных герояў, тых самых гопнікаў, якія гамоняць у спэктры ад трасянкі да... ну, крынічнай яе не назавеш, але ўпэўненай і бойкай беларускай мовы, і ў гэтых гопнікаў верыцца.
«Дэгенэратыўны слоўнік» Пістончыка — гэта зборнік апавяданьняў і эсэ, пададзеных як лексыкаграфічныя артыкулы, кожны зь якіх ілюструе сутнасьць таго або іншага слова. Словаў-артыкулаў няшмат, крыху болей, чым у Элачкі-людаедкі: Арганізм, Бухло, Вычварэнства, Герой, Дзібіл, Джыга, Дзярэўня, Ераплан, Ёлуп, Жывёла, Заалёгія, Інвалід, Йо-хо!, Казка, Любоў, Магазін, Ногі, Опіюм, Прыгоды, Руціна, Сям’я, Трасянка, Ублюдкі, Ўаў, Фантастыка, Хлебушак, Цыган, Чысьціня, Шулер, Ых, Ь, Эліта, Юльянаўна, Ябло.
Ня гледзячы на заяўленую ў назьве «дэгенэратыўнасць», густа падмацаваную лаянкай і брутальнымі сюжэтамі, кніга разьлічаная на чытача, які зможа прачытаць адсылкі, напрыклад, да «Ўладара мух» Голдынга.
«Узяў вож бензапілу, адпіліў лесьніку галаву, натыркнуў на палку і пайшоў зь ёй далей. Ну і ідзе, значыцца, ён з гэтай сіняй башкой, а ўсе навокал разьбягаюцца. Хто куды. Адні толькі мухі над галавой у вожыка бжыкаюць: «Жжопа-жжопа табе ад цара лесу, рыхтуйся, чмо калючае». ("Казка")
Ці да Бібліі.
Паступова вада, калі гэта можна назваць вадой, сышла. З-за аблокаў на дах, побач з Кармай, спусьцілася галубка. У дзюбе яна трымала зялёную галінку. ("Ых«)
Пэрсанаж Пістончыка — «маленькі чалавек», ня вельмі разумны, не заўжды прыемны і добры, амаль ніколі не законапаслухмяны, але шчыры, дзейны і эмацыйны. Дакладней не адзін герой, а героі, у зборніку іх цэлая жменя. Яны працуюць сантэхнікамі, мэханікамі, рамонтнікамі-мантажнікамі, лектарамі, прыбіральніцамі, касіркамі, дырэктарамі, бухгалтэркамі і г. д. Іх гісторыі расказаныя наратарам, які нічым не адрозьніваецца ад тых, пра каго гаворыць, і даверліва бачыць роўню ў чытачы, ад якога не зьбіраецца прыхоўваць ані каліва. Яшчэ і расквеціць свой аповед маной, перабольшыць самае інтымнае дзеля зухаватасьці. Вось ён, гэты наратар, выцягнуты аўтарам з самай гушчыні народнай, з завадзкой прахадной ці перахоплены зь піўнухі, сеў побач з табой і сабраўся зьдзівіць цябе:
«Раскажу-ка я табе, дарагі чытач, казку. Ідзі, вазьмі на кухне буцерброд з каўбасой, садзіся пазручней, адкрывай пашырэй рот і слухай». («Ублюдкі»)
Расказ у яго ня гладкі, а зь лірычнымі адступленьнямі, як бывае ў жывой гутарцы:
«Але нешта павяло мяне ня ў той тунэль. Карочэ, пра дзядзю Мішу...» ("Руціна")
Жыцьцёвыя гісторыі герояў не падгледжаныя праз замочную шчыліну. Аўтар малюе сьвет паспалітых людзей, занятых сваімі клопатамі, і зблізку, і панарамна, амаль як Пітэр Брэйгель Старэйшы, мужыцкі:
"А Штора тым часам ляцеў над плянэтай і моршчыўся ад шчасьця. Ён і ня ведаў раней, што сьвет — гэта ня толькі псыхушка і стосік шкарпэтак. На ім ёсьць і іншы, больш цікавы асартымэнт. Вось вам лес з партызанамі. Вось вам рэчка з голай фэміністкай. Вось завод з клюмбамі. Вось параход з баптыстамі." ("Джыга«)
Найбольш удалымі ў зборніку мне падаюцца апавяданьні «Вычварэнства» і «Цыган». Калі чытачоў адпачатку не напалохае брутальны Пістончыкаў стыль, то ў іх ёсьць шанец прачытаць напраўду кранальную і трагічную гісторыю каханьня і аповед пра сапраўднае сяброўства.
Ёсьць асобныя тэксты, якія спадабаліся меней. Зусім не спадабаўся «Опіюм», у сюжэце якога — лінейная побытавая крымінальная гісторыя, якую можна было б пазычыць з газэты «Частный детектив» родам зь дзевяностых. Уразіў хіба што жорсткасьцю.
Але вернемся да загадкі. Загалоўных тэм у кнізе чатыры: сэкс, гвалт, алькаголь і дэфэкацыя. І калі першымі трыма бывалага чытача не зьдзівіць, то чацьвертая ёсьць аўтарскай разынкай, калі дарэчна так сказаць. Тэма гэтая паказаная ў разьвіцьці. Ужо на першай старонцы кнігі па-дробнаму выпаражняюцца птушкі:
«Акно пабілася, у яго заляцела банда галубоў, якія, не адкладаючы справу далёка ў шуфляду, адразу ж пачалі сраць паносам на навюткі пасьцельны набор» («Арганізм»).
Напрыканцы ж кнігі рака, прарваўшы плаціну, зносіць ачышчальную станцыю «Васілёк» са значна больш маштабнымі наступствамі:
«Зьмяшаліся ў купу гаўно, людзі, дубы, крыжы. Чорная сьмярдзючая лава захапіла прадмесьці <...> Празь пяць хвілін горад ператварыўся ў гіганцкі ўнітаз з сотнямі тысяч людзей у ім».
«Навокал экскрэмэнтамі было заляпана ўсё: аптэкі, рэстараны, дзіцячыя садкі, банкі, лазьні. Асабліва камічна глядзелася рэкляма абласнога цэнтру гігіены са слоганам «Мыйце рукі пасьля туалета», якая плавала пасярод дарогі ў гіганцкай калюжыне». («Ых»)
Дык вось, падчас мыцьця посуду я думала пра тое, чаму гэтая тэма настолькі важная для аўтара «Дэгенэратыўнага слоўніка».
Можна дапусьціць, што пісьмо Пістончыка збольшага інтуітыўнае і пісьменьнік проста так бачыць і адчувае. Але наўрад ці гэта так. У сваім эсэ-маніфэсьце «Трасянка» ён піша:
«У адрозьненьне ад «нармальнай» мовы, трасянка ня знае табу. Яна ставіць «хуй» побач з «Моцартам», «сарцір» — з «цэркаўю». Там, дзе першая баіцца замачыць баціначкі, другая сьмела бяжыць у сандалях, шырока размахваючы нагамі».
Менавіта падчас фэкальнага патопу голуб прыносіць гераіні зялёную галінку, вось вам і «сарцір» — з «цэркаўю».
Беларуская мова, як любая іншая, здольная на «нізкае», здольная і на «высокае» ― для лінгвістаў гэта не пытаньне. Але ў неабазнаных людзей пытаньні паўставаць могуць.
Тут мне прыгадваецца выпадак з палітыкам Вольгай Карач, якая паставіла пад сумнеў функцыянальнасьць беларускай мовы на побытавым, «нізкім» узроўні: «Вот, например, ― сказала Вольга, ― какие есть белорусские соответствия для российских терминов «унитаз» и «стояк»? (каналізацыйны).
Іншы вядомы палітык сьцьвярджаў немагчымасьць «высокага» па-беларуску, умоўных «вайны-і-міра».
Тым, каго адольвае апошні сумнеў, можна параіць чытаць беларускую клясыку, яна поўніцца «войнамі-і-мірамі». Пытаньне толькі ў асэнсаваньні сваёй культурнай спадчыны і ўменьні расказаць пра гэта іншым.
Ну, а ў першым выпадку безумоўна трэба рэкамэндаваць да чытаньня «Дэгенэратыўны слоўнік».
Мабыць, за гэта і трэба падзякаваць Пістончыку — за практычны доказ «на пальцах» таго, што беларуская мова і літаратура могуць усё, нават унітаз.