«Пасьля многіх месяцаў жорсткай прынцыповай дыпляматыі мы ўзгаднілі аснову гэтага пагадненьня, і гэта добрая зьдзелка, якая адпавядае нашай галоўнай мэце. Гэтая дамоўленасьць будзе адразаць усе шляхі, да якіх Іран можа зьвярнуцца, каб стварыць ядзерную зброю », — падкрэсьліў амэрыканскі лідэр.
Абама патэлефанаваў прэм’еру Ізраіля Нетаньяху з борта прэзыдэнцкага самалёта Air Force One і запэўніў, што ЗША будуць і надалей падтрымліваць Ізраіль у пытаньнях бясьпекі.
У адказ Нетаньяху, як паведаміў прадстаўнік урада Ізраіля Марк Рэгеў, заявіў Абаме:
«Дасягнутае на падобнай аснове пагадненьне пагражае далейшаму існаваньню Ізраіля», — перадае Бі-бі-сі.
Ізраільскія афіцыйныя асобы ў сваіх камэнтарах назвалі пагадненьне з Іранам «небясьпечным» і «гістарычнай памылкай».
Раней Нетаньяху апублікаваў паведамленьне ў «Твітэры»: «Любое пагадненьне павінна істотна скараціць здольнасьць Ірана да стварэньня ядзернай зброі і спыніць яго тэрарыстычную і агрэсіўную палітыку».
Увечары 2 красавіка дыпляматы Ірана і шасьці буйных дзяржаў узгаднілі асноўныя моманты зьдзелкі па ядзернай праграме Тэгерана, якая павінна быць канчаткова ўзгодненая да 30 чэрвеня.
Захад падазрае Тэгеран у спробах стварыць ядзерную зброю. Іран абвяргае гэтыя здагадкі, сьцьвярджаючы, што распрацоўкі вядуцца выключна ў мірных мэтах.