Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НІСЭПД: Рэйтынг Лукашэнкі падае

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Пра гэта паведамляе Незалежны інстытут сацыяльна-палітычных і эканамічных дасьледаваньняў (НІСЭПД), зарэгістраваны ў Вільні, па выніках свайго сакавіцкага апытаньня грамадзкай думкі.

«Рэйтынг даверу і электаральны рэйтынг прэзыдэнта А. Лукашэнкі працягвае прыкметна зьніжацца: калі ў верасьні мінулага году яму давяралі 53,5%, у сьнежні — 49,9%, то сёньня — 48,8% (не давяралі адпаведна 33,3%, 35,6%, 39,7%).

Галасаваць за яго на прэзыдэнцкіх выбарах у верасьні былі гатовыя 45,2%, у сьнежні — 40%, а сёньня — 34,2%», — паведамляецца ў прэс-рэлізе НІСЭПД.

Сацыёлягі зьвязваюць падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі з пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі ў краіне.

Давер беларусаў да цяперашняй палітычнай апазыцыі крыху вырас — сёньня апазыцыйным палытычным партыям давяраюць 18,8%, а не давяраюць 57,4% (у сьнежні было 16% і 60% адпаведна).

Электаральны рэйтынг (па адкрытым пытаньні)

  • Уладзімера Някляева сёньня складае 7,6% (у сьнежні быў 3,5%),
  • Мікалая Статкевіча — 4,5% (быў 2,7%),
  • Аляксандра Мілінкевіча — 1,6% (быў 2,8%),
  • Анатоля Лябедзькі — 2,9% (быў 0,8%),
  • Сяргея Калякіна — 1,6% (быў 0,7%).

Да прапановы некаторых лідэраў апазыцыі вылучыць кандыдатам у прэзыдэнты палітвязьня Мікалая Статкевіча станоўча ставяцца 16,6% рэспандэнтаў, адмоўна — 44,2%, а 19,5% ставяцца «станоўча, але ж па законе яго ўсё роўна не зарэгіструюць, і нічога з гэтага ня выйдзе».

Амаль тры чвэрці выбарцаў заяўляюць пра гатоўнасьць удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у 2015 годзе.

Чаму падае рэйтынг Лукашэнкі?

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць, што далейшае зьніжэньне рэйтынгу афіцыйнага лідэра было чаканым.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

«Адбылася так званая гібрыдная дэвальвацыя. І хоць сёньня Лукашэнка казаў пра нейкую стабілізацыю і нават нібыта станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы, насамрэч абвал проста зьмяніўся спаўзаньнем. Бо па-ранейшаму падае экспарт, зьніжаецца вытворчасьць, і МАЗ спыніў канвэер, і людзі гэта адчуваюць на сваёй кішэні. Вось гэта і адбіваецца.

Бо беларусы — прагматычныя патэрналісты. Бацька стаў даваць горшую пайку — адпаведна, і стаўленьне да яго зьмяняецца. Гэта не азначае, што заўтра народ выйдзе на вуліцы і пачне патрабаваць іншага рэжыму. Але папулярнасьць Лукашэнкі зьніжаецца.

Плюс узьдзеяньне ўкраінскага чыньніку таксама, відаць, слабее. Бо год таму народ быў узрушаны наступствамі Майдану, расстрэлам, потым — тым, што пачалося на ўсходзе Ўкраіны. А сёньня ўжо гэты шок трошкі прайшоў, і, адпаведна, замілаваньне беларускай „моцнай рукой“ і „стабільнасьцю“ ўжо не такое моцнае.

І самая галоўная праблема для Лукашэнкі — як падвысіць рэйтынг перад выбарамі? Бо раней ён проста ўвальваў грошы, узьвінчваў заробкі, і за кошт гэтага купляў ляяльнасьць часткі электарату. А сёньня мы бачым, што Масква прыкруціла кранік, рэсурсаў няма, і адзінае выйсьце, бадай, — друкаваць пустыя грошы. І калі на такую авантуру кіраўніцтва краіны пойдзе, то гэта будзе паўтор 2011 году з катастрафічным абвалам і гіпэрінфляцыяй».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG