Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя 8-гадовага мастака»: прадбачыў падзеньне рубля, набыў даляры, пагасіў іпатэку


«Тата і дзядзя Сярожа плююць на Макарэвіча»
«Тата і дзядзя Сярожа плююць на Макарэвіча»

Мастак з Санкт-Пецярбургу Ігар Паначэўны распавядае, як ён стаў Алёшам Ступіным. Пасьля анэксіі Крыму ён звольніўся з банку, стаў мастаком, выплаціў іпатэку.

Год таму ў сеціве зьявіўся дзіцячы малюнак «Крымнаш», падпісаны 8-гадовым Алёшам Ступіным з Рэўтава. Пасьля недасканалыя выявы з подпісамі кшталту «Дядя Миша стреляет халастыме», «Папа хочет в АТО за два раба + дача», «Путен памаги» і бяз подпісаў, зьяўляліся рэгулярна і хутка сталі ці не абавязковай ілюстрацыяй да навакольных падзеяў. Як і гісторыі пра самога «хлопчыка-вундэркінда», вобраз якога насамрэч зьяўляецца містыфікацыяй расейскага мастака Ігара Паначэўнага.

Паначэўны жыве ў Санкт-Пецярбургу. Мы сустракаемся зь ім у бары «Брымборыюм», які Ігар апісвае як дэмакратычнае і хіпстарскае месца. Днямі ён забраў з друкарні наклад альбома малюнкаў «Алёшы Ступіна» і свайго зборніка апавяданьняў. Выдавалася ўсё праз «краўдфандынг» — людзі, якім падабаецца тое, што робіць Паначэўны, самі назьбіралі грошай на выданьне.

Я найперш пытаюся, ці не забаронена прадаваць такія кнігі у крамах.

«Не забаронена, — кажа Ігар. — Але гэта выклікае недаўменьне і непрыняцьце». Таму выданьні будуць прадавацца на Амазоне, а жадаючым даступны таксама «друк на запыт» — гэта калі кнігу надрукуюць па вашым запыце.

Я разумеў, што будзе вайна

На вокладцы альбома — малюнак «Крым наш», зь якога пачалося жыцьцё Алёшы Ступіна. «Алёшам Ступіным я стаў пасьля анэксіі Крыму, — распавядае Ігар. — Я быў начальнікам юрыдычнага аддзелу ў банку. Працаваў там 12 гадоў. Па адукацыі я мастак, скончыў мастацкую вучэльню імя Сярова. Калі гэта ўсё здарылася, я зразумеў, што трэба кардынальна мяняць сваё жыцьцё. Пэрспэктывы былі жахлівыя, і я разумеў, што будзе вайна. І так усё і адбываецца. Я кінуў працу, хаця ў мяне быў іпатэчны крэдыт. І вырашыў нічога не рабіць — пісаць тэксты і маляваць карцінкі».

«Нараджэньне ваты»
«Нараджэньне ваты»

Да звальненьня Ігар перавёў усе свае зьберажэньні ў даляры, мяркуючы, што рубель абясцэніцца. Так і атрымалася.

«Дзякуючы гэтаму ў канцы 2014 году я пагасіў крэдыт, — кажа Ігар. — Я казаў, што даляр будзе каштаваць 50 рублёў, а зь мяне ўсе сьмяяліся. Але так і атрымалася. Я і дагэтуль думаю, што толькі дзякуючы разумным дзеяньням кіраўніцтва Цэнтрабанку даляр не каштуе 100 ці 150».

Ігар намаляваў за Алёшу Ступіна першую карцінку «Крым наш».

«Мне не падабалася тое, што адбываецца ва Ўкраіне, і здавалася, што я магу пасільную лепту ўносіць у гэтую сытуацыю, кожны дзень робячы па малюнку. І ў гэтых малюнках я высьмейваў тое, што адбывалася. І я маляваў кожны дзень, а пасьля стаў пісаць апавяданьні».

"Дзядзя Міша страляе халастымі"
"Дзядзя Міша страляе халастымі"

Працы Ігара так спадабаліся людзям, што цяпер ягоны акаўнт у фэйсбуку мае восем з паловай тысяч падпісчыкаў:

«І паўтары тысячы „сяброў“ у мяне. Разам дзесяць тысяч чалавек мая аўдыторыя, — тлумачыць Ігар. — Гэта ўсё імгненна зьявілася, і я нічога для гэтага не рабіў. Людзям падабалася, яны на мяне падпісваліся».

Героі алёшавых малюнкаў, як кажа сам Ігар, «увасабляюць самыя косныя і дрымучыя рысы краіны». Мама, тата, сабутыльнік таты дзядзя Сярожа. «І вечны прэзыдэнт, які не сыходзіць з экранаў, старонак газэт і ў гэтых малюнках таксама адлюстроўваецца. — паказвае Ігар. — Гэта сьвет, які акружае простага расейскага абываталя — бацькі, якія п’юць, сябры бацькоў, якія п’юць, і вечны прэзыдэнт у тэлевізары».

Трыюмф нізасьці

Я шукаю адказ і на пытаньне, як стала магчыма, што героі Алёшы Ступіна ізноў сталі большасьцю і нормай у расейскім грамадзтве.

«Яны канфармісты, а канфармістаў заўжды працэнтаў 80-85%. Гэтыя лічбы пра 85% працэнтаў (рэйтынг падтрымкі Ул.Пуціна — РС) проста адлюстроўваюць узровень канфармізму», — тлумачыць Ігар. Паводле яго, увесь гэты час вялікадзяржаўны, шавіністычны пачатак у людзях проста драмаў, але нікуды не зьнікаў увесь гэты час. Пры спрыяльных умовах гэта вылілася навонкі. А спрыяльнымі гэтыя ўмовы зрабіла сама ўлада.

«Нейкія рэчы, якія ў Савецкім саюзе нельга было рабіць, цяпер можна, — распавядае Ігар. — Напрыклад, уладальнік рэстарану наклеіў у сарціры фота Абамы. У Савецкім саюзе гэта было немагчыма, бо была цэнзура на праяўленьне ў тым ліку і агрэсыўных пачуцьцяў. А зараз гэтыя перашкоды прыбраныя — і атрымліваем трыюмф самых нізкіх пачуцьцяў. І гэта заахвочваецца на дзяржаўным узроўні. Я нядаўна бачыў у экспэртаў, якія маюць акрэдытацыю міністэрства культуры, расісцкі плякат, дзе Пуцін прапаноўвае Абаму банан».

«Дзяржава не навязвае, яна проста дазволіла гэта рабіць і заахвочвае людзей, — заключае мастак. — Улада не разумее, што калі яна дапускае расісцкія выказваньні, то гэта аўтаматычна азначае, што расізм будзе накіраваны і супраць буратаў, і супраць жыхароў паўночнага Каўказу — супраць жыхароў у сваёй жа Расеі».

Беларусы — гэта дэфэктыўныя рускія, а Лукашэнка больш папулярны за Пуціна

Увесь гэты час да Ігара прыходзяць людзі па кнігі. Адзін зь іх, Сяргей, які займаецца лягістыкай, застаецца з намі паразмаўляць. Ігар і Сяргей распавядаюць пра тое, што людзей больш турбуе тое, што падвысіліся кошты на прадукты, а не вайна недзе ва Ўкраіне.

«Гэта стан пастаяннай вайны. Мы ваявалі ў Чачні, у Грузіі ваявалі, у Сярэдняй Азіі пастаянна ваююць. Я шмат езьдзіў па краіне, бачыў увесь час людзей, звыкліся кудысьці ехаць, ваяваць, кагосьці забіваць. Не было зразумела, хто з кім і за каго ваюе. Зараз трэба ехаць ваяваць ва Ўкраіну.

Але гэта не ўспрымаецца, як вайна. Усё гэта адбываецца недзе там — ня тут. Я думаю, што ў Растове-на-Доне вам тое самае распавядуць», — кажа Сяргей. — Вось прадуктаў лепшых стала менш, а тыя, што ёсьць — дарагія. Але людзі лічаць, што гэта не вайна вінаватая, а санкцыі супраць Расеі.

— Вось яблыкі былі па 50 рублёў, а зараз 100, — кажа Ігар.

— І гэта ўсё, што можна сказаць пра вайну ва Ўкраіне? — пытаюся я.

— Ну, што мы тут можам сказаць пра вайну... — разгубліваецца Сяргей.

— А ў які момант украінцы сталі ворагамі?

— Ды заўжды былі, — нечакана адказвае Сяргей. — Да Беларусі, дарэчы, стаўленьне іншае. У вас жа няма бэндэраўцаў. Але таксама ставяцца як да дэфэктыўных рускіх. Можа, нават больш дэфэктыўных, чым хахлы. Такія — зусім рускія, але па-расейску ня ўмеюць гаварыць. Толькі мову перавучыць і ўсё».

І нават Лукашэнка, па назіраньнях суразмоўцаў, у Расеі больш папулярны за Пуціна.

«Да Лукашэнкі дакладна ставяцца лепш, чым да Пуціна, — кажа Сяргей. — У яго такі вобраз старшыні заможнага калгасу, які накорміць, хай і сабе пакіне, але ўсім хопіць. І Беларусь успрымаецца як заможны калгас, краіна добра жыве, дарогі будуюць. Усё для жыцьця ёсьць, а больш нічога ня трэба».

Сяргей і Ігар удакладняюць, што асабіста такога стаўленьня да беларусаў не падзяляюць.

Сяргей, які прыйшоў па кнігі
Сяргей, які прыйшоў па кнігі

Любы ня-Пуцін — гэта ўжо добра

«Карціна выглядае так: у Расеі ўсеагульнае вар’яцтва, і яна абвясьціла вайну ўсяму сьвету і Ўкраіне», — Ігар адным сказам адлюстроўвае вобраз, які складаецца пра Расею, калі глядзець расейскія тэлеканалы і чытаць навіны LifeNews. Але мастак Паначэўны гэты міт абвяргае:

«Грамадзтва аморфнае, індыфэрэнтнае, шмат хто ўвогуле ня хоча пра палітыку гаварыць. Яны бачаць, што ўлада падманвае, і па-канфармісцку падстройваюцца пад гэтую сытуацыю. Так, я павешу партрэт Пуціна і георгіеўскую стужку, але не таму, што я падтрымліваю ўсё гэта , а каб даішнік не спыніў», — так тлумачыць ён паўсюдную гістэрыю.

«Усё гэта калос на гліняных нагах, — кажа Паначэўны. — дастаткова больш-менш моцных узрушэньняў — і ўсё гэта рухне. Мільён фээсбэшнікаў, два мільёны міліцыянэраў — гэта бачнасьць. Савецкі саюз гэтаксама разваліўся. У нас быў мільён кадэбэшнікаў і ніхто зь іх ня стаў яго абараняць».

«Любы ня-Пуцін — гэта ўжо альтэрнатыва, — кажа Ігар. — Проста ў нас няма ня-Пуціна».

«Ды хоць Мядзьведзеў», — удакладняе ён. (Мядзьведзеў знаходзіцца ў пяцёрцы палітыкаў, якім найбольш давяраюць і якім найбольш не давяраюць расейцы).

Падобныя ж мантры пра слабасьць рэжыму і прадчуваньне зьяўленьня новага лідэра шмат гадоў гучаць у Беларусі. Ігар на пытаньне, калі сытуацыя ў Расеі можа памяняцца, называе лічбы ў 5-10 год, а ў мяне імгненна праносіцца ў галаве, што ўжо сама ня памятаю няпуцінскай Расеі і нелукашэнкаўскай Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG