У Маскве пачалося пасяджэньне вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі з удзелам кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна.
Як паведамляе Інтэрфакс, перад пасяджэньнем Пуцін заявіў, што стварэньне Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭЭС) ня падмяняе сабой разьвіцьцё так званай саюзнай дзяржавы.
«Мы з вамі сустракаемся часта, рэгулярна, але на гэты раз сабраліся для таго, каб абмеркаваць адно з ключавых пытаньняў нашага ўзаемадзеяньня — гэта будаўніцтва саюзнай дзяржавы» — сказаў ён, зьвяртаючыся да Лукашэнкі.
Паводле Пуціна, за апошнія гады было зроблена шмат. У прыватнасьці, гаворка ідзе аб стварэньні агульнага рынку і адзінай эканамічнай прасторы Расеі, Беларусі і Казахстану, да якіх цяпер далучаюцца Армэнія і Кіргізстан. Аднак гэты працэс, па словах прэзыдэнта Расеі, ня падмяняе сабой далейшага ўзаемадзеяньня Расеі і Беларусі ў рамках саюзнай дзяржавы.
Кіраўнік Беларусі назваў прарывам стварэньне канстытуцыйнай камісіі ва Ўкраіне.
«Толькі што ў СМІ прайшла інфармацыя пра тое, што Пятро Парашэнка падпісаў указ аб стварэньні канстытуцыйнай камісіі, гэта значыць пачынаецца прапрацоўка Канстытуцыі. У рамках гэтага працэсу можна вырашыць усе пытаньні, гэта велізарны прарыў», — заявіў Лукашэнка.