Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Нямцоў два тыдні таму: Баюся таго, што Пуцін мяне заб’е

абноўлена

Барыс Нямцоў
Барыс Нямцоў

За два тыдні да сьмерці расейскі апазыцыянер Барыс Нямцоў распавядаў пра свае засьцярогі, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «замовіць» яго за апазыцыйныя выказваньні. Ён казаў, што ды гэтага сваімі засьцярогамі дзяліўся з самымі блізкімі людзьмі. Прыводзім поўны тэкст кароткага інтэрвію Собеседника.

— Я ніколі не хаваў сваіх палітычных поглядаў, — для пачатку нагадаў Барыс Нямцоў у асабістай гутарцы з карэспандэнтам «Собеседника». — Лічу, што менавіта ён [Пуцін] разьвязаў вайну ва Ўкраіне. Стаўлюся да яго горш няма куды. Асабліва пасьля падзей «Норд-Осту» і Беслану.

Сваімі поглядамі палітык і грамадзкі дзяяч часьцей за ўсё, па яго прызнаньні, дзеліцца са сваёй мамай.

— Маю дарагую матулю клічуць Дзіна Якаўлеўна Эйдман, у сакавіку ёй, дай Бог, споўніцца 87 гадоў, — распавёў Барыс Нямцоў. — Яна заслужаны ўрач-пэдыятр, ужо даўно на пэнсіі, але ды гэтага часу цікавіцца ўсім, што зьвязанае з мэдыцынай. Яна пражыла вельмі цяжкае жыцьцё: падчас вайны, будучы школьніцай, рыла акопы, потым выхоўвала дваіх дзяцей. Зараз я жыву ў Маскве, а матуля ў Ніжнім Ноўгарадзе, адна, але пажывае выдатна. У яе сівых валасоў менш, чым у мяне, у яе няма склерозу, яна ў абсалютна здаровым розуме і яснай памяці. Абмяркоўваем зь ёй посьпехі маіх дзяцей і яе ўнукаў. Аб палітыцы з матуляй таксама пагаварыць вельмі любім. Яна катэгарычна супраць таго, што адбываецца ва Ўкраіне, лічыць, што гэтя катастрофа і поўны кашмар. Але больш за Ўкраіну яе хвалюе Пуцін. Кожны раз, калі я ёй тэлефаную, яна галосіць: "Калі ты спыніш лаяць Пуціна? Ён цябе заб’е!" І гэта на поўным сур’ёзе.

Да ВВП (Пуціна) яна ставіцца, натуральна, вельмі дрэнна — я ж яе сын, у рэшце рэшт. Мама мяне заўсёды прывучала ды таго, што трэба адстойваць свой пункт гледжаньня, быць незалежным і самастойным. На сваю галаву мяне такім выхавала, а цяпер абураецца, што я лаю Пуціна, які спрабуе ў нас з вамі адабраць свабоду. Яна рэальна баіцца, што ён мяне можа забіць у бліжэйшы час з-за маіх выступаў — як у рэальным жыцьці, так і ў сацыяльных сетках. І гэта, паўтаруся, ня жарты: яна разумны чалавек. Яна Вельмі гэтага баіцца. Яна і за Хадаркоўскага (яго яна бачыла яшчэ ды пасадкі і сябруе зь ім) з Навальным вельмі перажывае, але за іх ня так моцна, паколькі яна ўсё ж мая мама, а ня іх.

— Цікава. А вы з-за такіх вось размоваў з мамай сталі баяцца, што Пуцін можа вас у бліжэйшы час забіць асабіста або праз пасярэднікаў?

— Вы ведаеце, так... Трохі. Ня так моцна, як мама, але ўсё ж... Але ўсё ж я ня так моцна яго баюся. Калі б я баяўся вельмі моцна, то наўрад ці ўзначальваў бы апазыцыйную партыю, наўрад ці б займаўся тым, чым займаюся. Перадавайце, дарэчы, ад мяне і матулі прывітаньне Дзьмітрыю Быкаву.

— Дзякуй, перадам. Спадзяюся, ўсё ж такі здаровы сэнс пераможа і Пуцін вас не заб’е.

— Дай Бог. І я спадзяюся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG