Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі ў Горадні: «Дзяржава хоча, каб мы працавалі „за палачкі“, як нашы бацькі»


У гэты дзень уступіць у сілу ўказ № 222, і ўжо нельга будзе рэалізоўваць рэшту тавараў, увезеных у Беларусь з тэрыторыі дзяржаў — сябраў Мытнага саюзу да 1 ліпеня 2014 году без адпаведных дакумэнтаў.

Думкі ў гарадзенскіх гандляроў самыя розныя. На гарадзенскіх рынках — цішыня. Пакупнікоў няшмат пустыя гандлёвыя рады, зачыненыя шапікі. Прадпрымальнік Вадзім дваццаць гадоў адпрацаваў на рынку, цяпер разам з жонкай гандлюе оптам і ў розьніцу і кажа, што гандаль практычна прыпыніўся. Ён не зусім разумее лёгіку дзяржавы, якая ў крызісны пэрыяд прыпыняе працу тысячам людзей, якія плацяць падаткі. І гэта тады, калі ў краіне прастойваюць прадпрыемствы, а рэальны заробак трохі больш за дзьвесьце даляраў.

— Лёгіка простая: намі ніхто не займаецца. Калі б да нас нехта прыходзіў з чыноўнікаў, размаўляў — усё было б па-іншаму. А так яны папросту ня хочуць нас ні слухаць, ні валодаюць гэтай абстаноўкай. Але яны ў той самы час не ўяўляюць наступствы ўсяго, што можа адбыцца. Думаюць, што мы далей будзем плаціць падаткі, а яны з гэтага будуць жыць. Такога ня будзе, бо людзі сыйдуць. Страцяць працу і работнікі рынкаў, рынкі пазачыняюцца. Паглядзіце, колькі пустых месцаў...

Ёсьць і іншы погляд на праблему. Спадарыня Сьвятлана гандлюе на рынку з пачатку 90-х і ня верыць, што з 1 сакавіка яе праца можа спыніцца. Яна яшчэ спадзяецца, што ўлады адумаюцца.

— Я ня ведаю, можа, нешта няправільна дакладваюць прэзыдэнту пра ўвесь вось гэты наш боль? Можа, яны папросту нас няправільна разумеюць? Бо калі слухаеш прэзыдэнта, то ён кажа, што робіць усё дзеля таго, каб прадпрымальнікі працавалі. Мы ж плацім падаткі, не адмаўляемся. Нам павялічваюць — і мы зноў плацім...«

Спадар Аляксей глядзіць на праблему больш аптымістычна і ўпэўнены, што ўсе прадпрымальнікі застануцца працаваць на рынку. На гэта ў яго свае аргумэнты:

— Індывідуальныя прадпрымальнікі ў чаканьні міласьці цара, і гэта адбудзецца, праўда, ня ведаю дакладна, у якой форме. Гэта адбудзецца таму, што ўсе рынкі належаць альбо Лукашэнкавым набліжаным, альбо дзяржаве. Пазачыняць ён іх ня можа, працы і так няма.

Да размовы далучаецца яшчэ адна спадарыня:

— Пакупніцкая здольнасьць у людзей папросту ніякая, ніхто нічога не купляе. Калі раней мы хоць нешта прадавалі, то цяпер толькі тут стаім.

— Мы зараз самі адсюль пойдзем, і нічога нам ня трэба рабіць. Мы тут цэлы люты прастаялі безвынікова.

Цікаўлюся, ці ёсьць куды ісьці, ці ёсьць на што зьмяніць працу?

— Мне ўжо 45 гадоў, каму я патрэбная? Куды ісьці, калі працы няма? Мой пляменьнік ужо паўгода шукае працы — і нічога няма.

А вось спадар Уладзімер перакананы, што кляс прадпрымальнікаў неўзабаве наагул згіне, і ў яго на гэта свае аргумэнты. Ён на рынку таксама каля 20 гадоў.

— У людзей няма ніякага настрою, яны ня могуць нічога плянаваць нават на бліжэйшы сакавік. Настрой папросту панічны. Гэта канец. Канец гэтага НЭПа. Гэтыя ўмовы для вядзеньня малога бізнэсу выканаць немагчыма, і 1 сакавіка чыноўнікі пабачаць, колькі чалавек здольныя працаваць паводле іхніх правілаў. Народ нічога ня будзе аплочваць. Ня ведаю, ці будуць якія пратэсты, але людзям ужо губляць няма чаго.

У спадара Ўладзімера шмат аднадумцаў на рынку. Вось што кажа спадарыня:

— Я лічу, што народ павінен згуртавацца, не плаціць падаткі месяц, другі. Усё ж бюджэт атрымлівае немалыя грошы ад нас. Можа, хоць тады ўлады задумаюцца над тым, што яны робяць. Бо ўлады ніколі намі не цікавіліся, іх не цікавіць, навошта і за што людзі жывуць.

Яшчэ адна спадарыня эмацыйна дадае:

— Хутчэй за ўсё, нас сёньня хочуць апрануць у фуфайкі, кірзавыя боты і прымусіць працаваць «за палачкі»...

А вось спадар Аляксей лічыць, што ўказ № 222 — нішто іншае, як штучная зачэпка, каб пазьдзекавацца з тых, хто не залежыць ад дзяржавы. Ён задаецца пытаньнем — чаму ўлады не гавораць пра тое, што людзі нічога ня могуць купіць ня толькі на рынку, але і ў крамах, чаму малыя заробкі, чаму не працуюць прадпрыемствы?

— Наша праблема сёньня ня ў тым, што ў нас няма тых сэртыфікатаў і іншых дакумэнтаў, а ў тым, што людзі, у якіх мізэрныя заробкі, ня прыйдуць і ня змогуць нічога купіць. А мы, у сваю чаргу, ня зможам аплаціць тыя ж падаткі, арэнду і ўсе сацыяльныя нагрузкі, якія ляжаць на нашых плячах. Гэта замкнёнае кола, і стваралі яго не прадпрымальнікі, а тыя, хто вызначае стратэгію і тактыку разьвіцьця нашай краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG