Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маркаў: Зараз усе будуць чакаць, хто раней абваліцца

абноўлена

Сяргей Маркаў
Сяргей Маркаў

Вынікі менскіх пагадненьняў мы папрасілі пракамэнтаваць расейскага пракрамлёўскага палітоляга, аднаго зь ідэолягаў праекту «Наваросіі» Сяргея Маркава. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Маркаў: Я ацэньваю гэтыя пагадненьні пазытыўна. Хаця гэта не прарыў, гэта паўтарэньне таго, што было ў Менску ў верасьні. Як і тады, адбыўся абмен: армія Наваросіі спыняе наступ на армію Ўкраіны, у адказ армія Ўкраіны спыняе забойства мірных жыхароў Данбасу і зьнішчэньне інфраструктуры Данбасу.

Пагадзіліся на адвод цяжкіх узбраеньняў. Але, як і ў верасьні, няма ніякіх рэальных мэханізмаў кантролю за выкананьнем гэтых пагадненьняў. Паводле верасьнёўскіх пагадненьняў данецкі аэрапорт і Дэбальцава меліся быць перададзеныя Данецку. Але Кіеў не перадаў і сарваў перамовы. Мэханізму няма. Так што ўсе будуць рыхтавацца да будучай вайны, будзе калясальнае ўзбройваньне ўзброеных сілаў Украіны і Наворосіі, Кіеў будзе спрабаваць задушыць Данбас шляхам эканамічнай і сацыяльнай блякады. Я мяркую, будзе працягвацца тэрарыстычная вайна, якую Кіеў пачаў супраць Данбасу шляхам засылкі дывэрсійных групаў. Такая самая партызанская вайна будзе весьціся з боку Наваросіі, бо шмат гарадоў застаюцца акупаваныя кіеўскай уладай.

РС: Менскія пагадненьні верасьня 2014 году не прадугледжвалі вырашэньня палітычных пытаньняў. У цяперашнім пагадненьні яны неяк вырашаюцца?

Маркаў: У менскіх верасьнёўскіх пагадненьнях было значна больш спробаў вырашыць палітычныя пытаньні. Там меркаваўся закон аб асаблівым статусе Данбасу, меркавалася, што пройдуць выбары на тэрыторыі Наваросіі. Тут гэтага няма. Ёсьць вельмі важнае палажэньне, што Кіеву перадаецца кантроль над мяжой, але толькі пасьля згоды на гэта Данецку і Луганску і пасьля канстытуцыйнай рэформы. Размова ідзе аб фэдэралізацыі, аб нэўтралітэце Ўкраіны, аб роўнасьці ўкраінскай і расейскай моваў. Данецк і Луганск будуць ставіць пытаньне аб расьсьледаваньні ваенных злачынстваў. Так што гэтыя пагадненьні — хутчэй плян на будучыню, чым рэальная магчымасьць.

Цяпер усе будуць чакаць, хто раней абваліцца. Вашынгтон будзе чакаць, што раней абваліцца Масква і спыніць падтрымку Наваросіі. Кіеў будзе чакаць, што раней абваліцца Данбас у выніку гуманітарнай і сацыяльна-эканамічнай блякады. Расея будзе чакаць, што раней абваліцца Кіеў альбо стоміцца партыя вайны ў Вашынгтоне кідаць рэсурсы на вайну супраць Расеі.

Ад рэдакцыі: Рэдакцыя палічыла вартым прывесьці меркаваньні і погляд на менскія дамоўленасьці і сытуацыю ва Ўкраіне зь першых вуснаў вядучага прадстаўніка сэпаратыстаў, бо яны даюць выразнае ўяўленьне пра бачаньне канфлікта, яго прапагандысцкую афарбоўку і ангажаванасьць, і зьяўляюцца сёньня ідэалягічнай рэальнасьцю, паводле якой дзейнічае адзін з бакоў. Прыведзеныя выказваньні зьяўляюцца дакладнай цытатай, што не азначае, што рэдакцыя лічыць іх фактычна дакладнымі, а ацэнкі карэктнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG