Радыё Свабода паразмаўляла зь лідэрам гурту «Машина времени» перад пачаткам канцэрту.
— Так супала, што сёньня ў Менск прыляцелі вы і лідэры Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расеі для перамоваў па сытуацыі на ўсходзе Ўкраіне. Вы верыце ў падпісаньне мірных дамоўленасьцяў?
— Я не люблю варажыць на кавовай гушчы. Я мару, каб гэтыя пагадненьні былі ня толькі падпісаныя, а каб яны мелі яшчэ і практычную моц. Я вельмі даўно хачу, каб гэта адбылося. Паколькі я аптыміст, я кожны дзень на гэта спадзяюся.
— Як вам Менск, пасьля Расеі, дзе вас цкуюць?
— Я ў Менску заўсёды адчуваю сябе добра, таму што я ў гасьцях. Калі ты прыяжджаеш у госьці, то гаспадары заўсёды паварочваюць да цябе краіну зь лепшага боку, а ўсе свае праблемы яны хаваюць для сябе. Таму я Менск вельмі люблю.
Свае пытаньні змаглі задаць і госьці сустрэчы. Перад сцэнай была пастаўленая адмысловая скрыня для пытаньняў:
— Праўда, што Пуцін памірыўся з вамі і вы ляцелі ў самалёце разам?
— Ну, па-першае, Пуцін са мной не сварыўся асабіста і я зь ім таксама, па-другое, ён ляцеў на сваім самалёце, я — на сваім.
— Мы жывем у даволі дынамічны час. Расея год назад і сёньня – сёньняшні маразм – гэта неба і зямля. Збоку ўсё лепш бачна.
— Гэта сапраўды так. Ведаеце, нават і знутры ўсё добра бачна, неабавязкову збоку.
— Як вам Беларусь?
— Я люблю Беларусь па некалькіх прычынах. Нават калі не казаць пра тое, што ўсе мае сваякі па бацькоўскай лініі з Заходняй Беларусі, проста я тут часта бываю ў гасьцях. А вы добра разумееце, што калі прыяжджаеце ў госьці, то табе імкнуцца паказаць самае лепшае, а праблемы хаваюць, гэта натуральна. Таму я ведаю Беларусь зь лепшага боку, для мяне гэта рай, у сэнсе прыроды. Прыроду вы захоўваеце лепш, чым у Расеі. Я падазраю, што гэта спадчына, якая нам дасталася ад крыві качэўнікаў, а вам не. Вы ўсё ж бліжэй да Эўропы. А качэўнік гадзіць без шкадаваньня, таму што зранку ён сядзе на каня і паедзе ў новае месца, што яму тут прыбірацца. І гэта застаецца ў генах, на жаль.
Поўную вэрсію канцэрта-сустрэчы глядзіце заўтра, 12 лютага, на cайце Budzma.by і Радыё Свабода.