Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель, Парашэнка і Алянд прыляцелі ў Менск. Пуцін спазьніўся на гадзіну


Удзельнікі перамоваў прыбылі ў Палац незалежнасьці, дзе пачынаюцца перамовы ў «нармандзкім фармаце» дзеля ўрэгуляваньня сытуацыі па Ўкраіне.

Самалёт расейскага прэзыдэнта прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Менск прыкладна на гадзіну пазьней за астатніх лідэраў. Франсуа Алянд і Ангела Мэркель прыляцелі прыкладна ў адзін час, але перш чым паехаць у Палац незалежнасьці, Алянд узьняўся на борт самалёта нямецкай канцлеркі. У Менск яны паехалі адным картэжам.

Праспэкт Незалежнасьці ў Менску быў перакрыты. Назіральнікі адзначаюць вялікую колькасьць міліцыі і спэцслужбаў, на дахах будынкаў каля месца правядзеньня саміту разьмяшчаюцца, верагодна, снайпэры.

Саміт асьвятляюць каля 400 міжнародных журналістаў, у тым ліку і карэспандэнт Радыё Свабода. У Палацы незалежнасьці, дзе праходзіць саміт, адбыўся нечаканы інцыдэнт. Журналіст тэлеканалу «Расея» выгукнуў на адрас прэзыдэнта Ўкраіны: «Навошта вашы войскі бамбяць мірнае насельніцтва Данбасу?» Парашэнка нічога не адказаў, яго адвёў у будынак Аляксандар Лукашэнка. Журналіста выдалілі з асьвятленьня саміту за нягодныя паводзіны.

Напярэдадні паездкі ў Менск Пуціну патэлефанаваў прэзыдэнт ЗША Барак Абама. Ён зноў заявіў аб падтрымцы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны і выказаў заклапочанасьць ростам колькасьцю ахвяраў. Абама падкрэсьліў важнасьць таго, што ў Пуціна ёсьць магчымасьць абмеркаваць сытуацыю зь лідэрамі Украіны, Нямеччыны і Францыі, каб прыйсьці да мірнага вырашэньня канфлікту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG