Вадзім Мажэйка
Праект стратэгіі разьвіцьця кінавідэагаліны Беларусі на 2015-2020 гады ўжо распрацаваны, паведаміў на калегіі Міністэрства культуры яго кіраўнік Барыс Сьвятлоў. Як прызнаўся міністар, праект быў распрацаваны на запыт ураду, «для вырашэньня праблем у галіне». Але што прапануе Мінкульт, якімі сродкамі будуць вырашаць праблемы? Ці здольны гэты дакумэнт вывесьці беларускі кінэматограф з таго крызысу, у якім ён сёньня знаходзіцца?
Кіно будуць здымаць прыватнікі, але пад дзяржаўным кантролем. Як зазначаюць аўтары, стратэгія мае на мэце разьвіцьцё дзяржаўна-грамадзкага партнэрства ў сфэры кінэматаграфіі. Сама па сабе ідэя прыцягненьня прыватнікаў добрая (вынік татальнага засільля дзяржавы мы ўжо бачылі, таму чым меней яе ў мастацтве — тым лепей). Аднак д’ябал, як вядома, хаваецца ў дробязях.
Мы ўсе бачылі гісторыю з фільмам «Авэль» («Мы, браты»), які яшчэ ня трапіў на экран (хоць стваральнікі і абяцалі прадставіць яго на «Лістападзе-2014»), але пасьпеў адзначыцца шэрагам гучных скандалаў. Тут і псэўдасусьветныя зоркі (галівудзкі рэжысэр Уільям дэ Віталь — львоўскі каскадэр Віталь Васількоў, нямецкі актор — былы менскі клоўн...); і прымусам сагнаная студэнцкая масоўка, якую трымалі на Плошчы на марозе і выдавалі гарбату толькі па купонах БРСМ, а замест «Жыве Беларусь!» раілі крычаць «Что-то не так!»; і паўмільёна даляраў, якія (па чутках) былі вывезеныя ў ЗША на ганарар зоркі клясу «А» і там некуды зьніклі. Гэткі блін камяком відавочна прымушае дзяржаву пераглядзець свае падыходы да супрацы з прыватнікамі.
Так, адна з асноўных задач стратэгіі — павышэньне эфэктыўнасьці дзяржаўнай падтрымкі вытворчасьці фільмаў. Галоўны падыход — даваць грошы кінавытворцам (прадусарам) шляхам выдзяленьня грантаў праз конкурсы ў фармаце пітчынгаў (гэта значыць, адкрытых абаронаў кінапраектаў). Пры гэтым патрабаваньні да вытворцаў фільмаў, якія прэтэндуюць на атрыманьне дзяржаўнай падтрымкі, абяцаюць зрабіць больш строгімі. А чуткі пра вываз часткі бюджэту «Авэля» ў ЗША падмацоўвае наступная тэза са стратэгіі: «павінна быць забясьпечана празрыстасьць і падкантрольнасьць беларускаму боку выдаткаў і даходаў партнэраў па сумеснай вытворчасьці фільмаў з выкарыстаньнем дзяржаўных сродкаў».
Дзяржава тут апынаецца між Сцылай ды Харыбдай. З аднаго боку, неэфэктыўнасьць выключна дзяржаўнага кінэматографа відавочная: як вымушаны быў прызнаць і Аляксандар Лукашэнка яшчэ ў 2010 годзе, за пяць год дзяржаўныя інвэстыцыі ў кінэматограф павялічыліся ў пяць разоў, але прыбытак узрос толькі на 8% (непрыбытковыя арт-хаўсныя шэдэўры за гэтыя гады «Беларусьфільм» таксама ня зьняў). І таму кінаіндустрыю неяк патрэба набліжаць да прыватнікаў. З іншага боку, досьвед «Авэля» цудоўна паказвае, што ў нашых умовах выдзяленьне дзяржаўных грошай прыватніку стварае ніяк ня рынкавы Галівуд, а каламутную вадзіцу, дзе мясцовыя Астапы Бэндары гатовыя палавіць рыбку. І таму атрымліваецца неабходны крок назад, у дзяржаўны кантроль.
Здавалася б, вынік відавочны: ня йсьці на паўмеры, а праводзіць сапраўдныя рынкавыя рэформы ды выкарыстоўваць адпаведны міжнародны досьвед. Але ж да гэтага ўлады яшчэ не сасьпелі, ды і наогул: чым большыя патрэбны рэформы — тым меней чыноўнікі хочуць іх рабіць.
«Беларусьфільм»: хутчэй і вышэй, але за кошт расейскага ТБ ды Кітая
У праекце стратэгіі не пакінулі без увагі і нацыянальную кінастудыю «Беларусьфільм». Ёй абяцаюць «устойлівае разьвіцьцё» як «дзяржаўнаму прадпрыемству, вядучай арганізацыі кінэматаграфіі, якая... спалучае функцыі кінастудыі і кінафабрыкі». Заплянавана ўсё і адразу: рост вытворчасьці фільмаў, аб’ёмаў даходаў ад рэалізацыі маёмасных правоў на ўласную прадукцыю і аказаньне кінатэхналягічных паслуг. Але ж што для гэтага патрэбна зрабіць?
Па-першае, зноў будуць эканоміць. Каго звольняць («аптымізацыя штатнай колькасьці апарату кіраваньня кінастудыі»), каму зьнізяць заробак («распрацоўка эканамічна абгрунтаваных умоў аплаты працы работнікаў»). Зрэшты, можа атрымацца наадварот: апарат кіраваньня застанецца на сваіх месцах, а звольняць супрацоўнікаў ніжэйшага ўзроўню. Прынамсі, так атрымалася па ўсёй краіне ў рамках рэформы сыстэмы дзяржкіраваньня. Як адзначаюць экспэрты «Лібэральнага клюбу» ў адпаведным дасьледваньні, замест словаў Лукашэнкі «зьверху паболей, зьнізу паменей», на практыцы са скарачэньнямі адбылося ўсё наадварот. Ёсьць усе прычыны, каб чакаць падобнага і ў сфэры культуры.
Па-другое, зарабляць «Беларусьфільм» і надалей будзе за кошт здымак прахадных сэрыялаў для расейскага ТБ («актывізацыя супрацоўніцтва з тэлеканаламі, штогадовае павелічэньне паслуг пабочным арганізацыям»). З адносна новага — ідэя па вытворчасьці сумесных фільмаў на тэрыторыі Беларусі з прыцягненьнем замежных інвэстыцый. У першую чаргу можна ўзгадаць прааналізаваны раней плян па стварэньні сумеснай кінапрадукцыі з Кітаем.
Прарыўная стратэгія ці латаньне дзірак?
Нельга казаць, што падрыхтаваны дакумэнт цалкам памылковы ці ня ўтрымлівае добрых ідэй. Аднак жа, разам з тым, варта зазначыць, што нічога стратэгічнага ў праекце стратэгіі якраз і няма. Аўтары латаюць дзіркі з сумным досьведам «Авэля» ды спрабуюць працягваць ранейшыя дзеяньні «Беларусьфільму» па выратаваньні нацыянальнай кінастудыі з фінансавай ямы. Аднак жа збольшага тэкст насычаны пустымі фразамі (накшталт «праводзіць кінэматаграфічныя мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраваньне станоўчага іміджу рэспублікі, папулярызаваць беларускія фільмы на зьнешнім кіна- і тэлевізійным рынках») і не прапануе ніякіх рэцэптаў карэнных зьменаў сытуацыі ў беларускім кінэматографе. Досьвед жа сьцьвярджае: без рэформаў разарваць заганнае кола «дзяржаўнае фінансаваньне — здымкі нікому не патрэбнага фільму — пыльная паліца» ніяк немагчыма.