Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд залічыў сям’ю Юрася Беленькага ў праблемныя


Юрась Беленькі
Юрась Беленькі

Ленінскі райсуд Менску праінфармаваў органы апекі і папячыцельства Ленінскага раёну пра неабходнасьць кантролю за становішчам дзяцей у сям’і намесьніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага.

У сям’і намесьніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага і ягонай жонкі Кацярыны — адна дачка. Спадар Беленькі з задавальненьнем пералічае посьпехі чатырнаццацігадовай Яны:

«Я ганаруся сваёй дачкой. Яна вучыцца ў 23 гімназіі, і вучыцца добра. Наведвае мастацкую школу, а таксама студыю танцаў. Летась двойчы выяжджала са сваім ансамблем у Германію і Чэхію на фэстывалі, вельмі задаволеная».

Юрась Беленькі лічыць, што яны з жонкай цалкам спраўляюцца з выхаваньнем дачкі. «Між тым залічыць нашу сям’ю да праблемных прапануе судзьдзя Марына Запасьнік», — кажа палітык і дэманструе ліст, падпісаны гэтай судзьдзёй, які днямі ўбачыў у сваёй адміністрацыйнай справе.

«Суд Ленінскага раёну г. Менску на падставе п. 7.2 дэкрэту прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 18 ад 24.11.2006 г. „Аб дадатковых захадах дзяржаўнай абароны дзяцей у праблемных сем’ях“ накіроўвае копію пастановы суду ў адносінах да Беленькага Ю.А. для забесьпячэньня кантролю за становішчам дзяцей у сям’і і своечасовага прыняцьця захадаў па абароне іх інтарэсаў. Дадатак: копія пастановы», — гаворыцца ў дакумэнце.

У лістападзе 2014 году Юрась Беленькі як прадстаўнік КХП-БНФ быў адказным за арганізацыю мітынгу памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ва ўрочышчы Лошыца на ўскраіне Менску. Акцыя прайшла без заўваг з боку міліцыі і Менгарвыканкаму, але пазьней спадара Беленькага прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці. Фармальна — за тое, што не забясьпечыў бясьпеку падчас мерапрыемства і не аплаціў паслугі аховы з боку міліцыі. Пастанову вынесла судзьдзя Марына Запасьнік, якая аштрафавала Юрася Беленькага на 4,5 мільёна рублёў. Палітык па-ранейшаму ня лічыць сябе вінаватым і абскардзіў рашэньне судзьдзі ў гарадзкі суд. Разгляд скаргі Юрася Беленькага адбудзецца 10 лютага. Але, не чакаючы гэтага разгляду, сям’ю палітыка ўжо залічылі ў праблемныя, што спадар Беленькі лічыць формай ціску на сябе:

«Гэта ідзе такая помста. За тое, што я не скарыўся, не прызнаў сваю віну. Бо гэтая ж судзьдзя не хацела, каб я падаў скаргу на яе рашэньне. Яна спрабавала прадухіліць маю скаргу, напісаўшы, што я ня вытрымаў тэрміны, калі абскардзіў яе рашэньне. Але насамрэч я ўсё вытрымаў, і гарадзкі суд прызначыў разгляд маёй скаргі».

Якуб Дынько і Яня Беленькая. 1 верасьня 2007 году
Якуб Дынько і Яня Беленькая. 1 верасьня 2007 году

У 2009 годзе да 7 пункту дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі № 18, які быў прыняты ў 2006 годзе, зрабілі дадатак, паводле якога суды мусяць інфармаваць органы апекі і папячыцельства ня толькі ў выпадку асуджэньня грамадзяніна, у якога ёсьць малыя дзеці, паводле Крымінальнага кодэксу, але і тады, калі ён пакараны за адміністрацыйныя парушэньні. У дэкрэце зьявіўся пералік 6 артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу, якія падпадаюць пад гэтае правіла. Але, паводле праваабаронцы зь «Вясны» Валянціна Стэфановіча, справа Юрася Беленькага ў гэты пералік не ўваходзіць:

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«Справа ў тым, што ў пераліку гэтых 6 артыкулаў няма артыкула 23.34 пра парушэньне парадку правядзеньня і арганізацыі масавых мерапрыемстваў, па якім спадар Беленькі быў прыцягнуты да адказнасьці. Таму, лічу, спадару Беленькаму варта напісаць скаргу ў пракуратуру на незаконныя дзеяньні суду, бо яны ня мелі права выкарыстоўваць адносна яго працэдуру, якая прадугледжаная часткай 2 артыкула № 7 дэкрэту № 18».

Юрась Беленькі і ягоная жонка Кацярына сапраўды зьбіраюцца падаць скаргу ў пракуратуру. Спадар Беленькі лічыць, што гэтая гісторыя выходзіць за межы адной сям’і і можа стварыць небясьпечны для грамадзтва прэцэдэнт:

«У дэкрэце, на які спасылаецца судзьдзя, ідзе гаворка пра асобаў, якія асуджаныя, якія вядуць амаральны лад жыцьця, алькаголікі, наркаманы. Такім чынам, сэнс тут у тым, што судзьдзя лічыць: тых, хто праводзіць акцыі ўшанаваньня продкаў „Дзяды“, трэба прыраўняць да амаральных асобаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG